Семья Шелеговых из деревни Янки Докшицкого района вместе справляется с трудностями
Думаецца, маладая сям’я з вёскі Янкі, пра якую пойдзе далей размова, ніколі не задумвалася, як сфармуляваць жыццёвае крэда. Літаратуры па псіхалогіі мама і тата Шэлегавы не чытаюць па простай прычыне: няма на тое часу. А траіх сыноў – пагодкаў Аляксея і Андрэя, вучняў 7 і 6 класа, і дзетсадаўца Антошку – выхоўваюць так, як ім падказваюць сэрцы, жыццёвая мудрасць і прыклад уласных бацькоў-дзядоў: стараюцца прывіваць павагу да старэйшых, працавітасць, адказнасць і, вядома, разуменне таго, што сям’я – гэта сіла, гэта надзейны прытулак, любоў і цеплыня. Пачынаючы нейкую справу, не разважаюць, атрымаецца ці не, па сілах яна будзе ці ўсё ж не варта “трапятацца”, хопіць часу на ажыццяўленне задуманага ці не паспеюць – яны проста бяруцца і… спраўляюцца. Таму, што разам, таму, што “вочы баяцца, а рукі робяць”. І, бадай, галоўнае: у гэтым доме не пачуеш скаргаў на лёс, на дзяржаву, на начальства, на эканоміку, на цяжкасці і праблемы рознага кшталту. Бо муж і жонка Шэлегавы ўпэўнены: ніхто ім нічога не павінен і яны самі ў стане вырашаць усе гаспадарчыя пытанні і паляпшаць свой матэрыяльны дабрабыт.
Гаспадара падчас прыезду мы дома не засталі: знаходзіўся ў бальніцы ў Віцебску. Таму гутарку вялі з гаспадыняй Аленай (на здымку). Без каментарыяў апісваем звычайны дзень маладой жанчыны – як кажуць, “имеющий уши да услышит”. Пад’ём у 4.30. У Алены ёсць крыху менш за паўтары гадзіны, каб прыгатаваць сняданне і ўправіцца па гаспадарцы. У 6.00 яна павінна быць на рабочым месцы – на ферме “Касцюкі”, дзе працуе даяркай. 51 рагуля ў яе групе, і ранішнія клопаты заканчваюцца прыкладна ў палове дзясятай. Да 17.00 Алена дома, і “фронт работ” яе тут не ахапіць вокам, пералічваць заморышся. Затым зноў на ферме да 20.00, зноў нейкія хатнія справы, прыгатаванне вячэры, праверка дамашняга задання ў старэйшых сыноў – гэта, сцвярджае мая суразмоўца, святое. Дык за шчасце бывае, калі ў адзінаццатай гадзіне ўдасца галаву да падушкі прыхіліць.
Даведка: гаспадарка складаецца з дзвюх кароў, каня, казы, дзясяткаў каля трох авечак, парачкі свіней і незлічонай колькасці птаства – курэй, гусей, качак, індыкоў. Плюс шэсць сабак, каўказская і нямецкія аўчаркі і алабаі, – жывёлкі па памерах не маленькія.
– Працуем усе – інакш, вядома, нічога не атрымалася б, – дзеліцца вопытам маладая гаспадыня. – Вельмі выручае мая мама, якая жыве непадалёк. Сястра мужа прыходзіць, каб сабраць Антона ў садок і пракантраляваць старэйшых – я ж гэтым часам ужо на рабоце. Ды і муж апошнія гады пасля аперацыі на групе і вялікую долю хатніх клопатаў узяў на сябе. Дзеці пасля школы дапамагаюць, у кожнага свае абавязкі. Так што спраўляемся, – усміхаецца.
На пытанне, ці не хацелася хоць аднойчы паменшыць пагалоўе і зямельныя надзелы, Алена адказвае, што, наадварот, падумвае, каб завесці яшчэ адну карову.
– Разумееце, не такія ўжо ў нас даходы, каб адмовіцца ад жывёлы. Па-першае, мы сябе мясам ды малочнымі прадуктамі забяспечваем удосталь. Па-другое, усё лішняе рэалізуем і маем за гэта дадатковыя грошы. Дык пра памяншэнне і думак не ўзнікала. У нас інкубатар свой ёсць, даільны апарат думаем набыць, участак каля дома вялікі – усім месца хопіць. Любім мы з мужам усялякую жыўнасць, заўсёды хацелі разводзіць. Хлопчыкі растуць, а адпаведна з імі і расходы… Цяжка? Цяжка – гэта калі адзін б’ешся як рыба аб лёд, а калі разам, дык, мне здаецца, і праца больш радасці прыносіць, і вынікі ў наяўнасці.
Хіба з гэтым паспрачаешся?
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.