Состоялось открытие и освящение памятника с иконой Святого Пантелеймона-целителя в Докшицах
У скверы цэнтральнай раённай бальніцы адбылося адкрыццё і асвячэнне помніка з іконай Святога Панцеляймона-лекара, які шануецца ўсімі хрысціянамі. З гэтай нагоды быў адслужаны малебен. Яго праасвяшчэнства архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій звярнуўся з прамовай да вернікаў, якія сабраліся тут. Ён назваў гэта месца яшчэ адной крыніцай боскай ласкі на нашай зямлі.
– Панцеляймон, акрамя валодання методыкамі лекавання, маліўся Богу за хворых людзей, – гаварыў архіепіскап Феадосій. – Лекар – гэта першая прафесія, якая мае божую ласку і падзяку. Але ж медыцынскія работнікі толькі дапамагаюць працэсу лячэння і аздараўлення, усё астатняе – у руках Божых. Таму, распачынаючы любую справу, трэба прасіць дапамогі ва Усявышняга.
У сваёй прамове Уладыка падзякаваў старшыні раённага выканаўчага камітэта Алегу Пінчуку за ўзаемаразуменне, якое наладжана паміж мясцовай уладай і благачыннем.
Збаўчай сцяжынай для будучага пакалення назваў новы помнік у двары ЦРБ благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка.
Добрыя словы гучалі ў гэты дзень у адрас тых, хто прыклаў намаганні для адкрыцця святыні: мастакоў, якія, падчас рэстаўрацыі фрэсак у Свята-Пакроўскай царкве, напісалі ікону Святога Панцеляймона, валанцёраў лагера “Выток”, якія дапамагалі добраўпарадкаваць тэрыторыю, работнікаў КУП “Бытавік”, “ПМК-52”, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. За ўдзел у добрай справе дзякавалі персаналу бальніцы, асабліва санітаркам, гаспадарчай групе і асабіста загадчыку гаспадаркі ЦРБ Канстанціну Раслевічу.
Св. Панцеляймон жыў у часы праўлення імператара Максіміяна ў ІІІ стагоддзі н.э. у горадзе Нікамідзіі Віфанскай правінцыі. Вядома, што яго бацька быў шляхетным чалавекам паганскай веры, а маці вызнавала хрысціянства. Пры нараджэнні хлопчыка назвалі «Панталеон», што значыць «па ўсім леў», і толькі пазней, калі ён праявіў свае гаючыя і духоўныя здольнасці, людзі сталі называць яго «Панцеляймон» – гэта значыць Усяміласцівы.
Зямное жыццё св. Панцеляймона было кароткачасовым: ён прыняў пакутніцкую смерць, калі быў яшчэ зусім юным. Таму на абразах ён паказаны ў абліччы юнака.
Памятны дзень святога – 27 ліпеня.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.