Выставка «Традиции и современность» начала свою деятельность в Докшицком Доме ремёсел

У раённым Доме рамёстваў распачала сваю дзейнасць новая выстава “Традыцыі і сучаснасць”, на якой праз прыгожыя і цікавыя работы нашых бабуль і майстрых сённяшніх можна пазнаёміцца са зменамі ў народнай творчасці на працягу многіх гадоў.

IMG_2481

У выставачнай зале прадстаўлены рознапланавыя экспанаты. Гэта маляванкі, вышыванкі, ткацкія вырабы, а таксама плеценыя з лазы і многае іншае. Большасць аўтараў работ – з Крулеўшчынскага краю, самабытныя рукадзельныя творы якіх дэманструюць прыга­жосць роднай старонкі.

Дываны, сурвэткі, карціны, выкананыя ў далёкім мінулым такімі самабытнымі майстрамі, як Галіна Крупская, Ванда Віткоўская, Ганна Шчуко, Алена Гапанёнак і Антаніна Малюжанец, з’яўляюцца добрым прыкладам для сучасных майстроў і цікавым узорам для вывучэння старадаўніх тэхнік. Сучаснасць прадстаўлена на выставе работамі Людмілы Маскалейчык, Алены Таляронак, Ірыны Салаўёвай, Іны Карпека, Наталлі Пятровіч, Марыны Сцепаноўскай, Ірыны Гмырак, Таццяны Гаварцовай, Аляксандра Вішнеўскага і Івана Плыгаўкі.

Напэўна, самымі кранальнымі экспанатамі з’яўляюцца вырабы сямейных дынастый. Так, любоў да творчасці былой вышывальшчыцы Веры Ражноўскай перадалася не толькі дачцэ Рыце Юхневіч, але і ўнучцы Лізавеце, якая, акрамя нітак, у творчасці выкарыстоўвае яшчэ і бісер. Вучаніца Крулеўшчынскай СШ Марыя Пашковіч таксама захапляецца вышыўкай, з задавальненнем працягваючы справу матулі Людмілы Гамановіч і бабулі Зінаіды Стоцік. Майстар Дома рамёстваў Таццяна Марціновіч прадставіла на выставе творы, выкананыя бабуляй Марыяй Зяваліч. У творчай калекцыі гэтай сям’і ёсць вышыванкі гладдзю і крыжыкам, тканыя ручнікі і вырабы з саломкі.

— Выстава, на якую мы запрашаем прыхільнікаў мастацтва і ўсіх, каго цікавіць багатая народная спадчына нашага краю, будзе працаваць да 26 лістапада, – паведаміла кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша” Раіса Шыталь. – Наведвальнікі змогуць не толькі знайсці ў прадстаўленых работах адрозненні мінулых тэхнік ад сучасных, а і натхніцца на сваё захапленне народнымі рамёствамі, заняцца якімі вам дапамогуць нашы майстры.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *