Что говорят докшичане о празднике 7 ноября
Кастрычніцкая рэвалюцыя, без сумнення, адна з буйнейшых падзей ХХ стагоддзя, якая паўплывала на далейшы ход гісторыі. Існуе шырокі спектр ацэнак рэвалюцыі і яе наступстваў для краіны. Для адных – гэта была нацыянальная катастрофа, якая перакрэсліла натуральны ход гісторыі і прывяла да грамадзянскай вайны, да ўстанаўлення таталітарнай сістэмы кіравання. Для іншых – буйная прагрэсіўная падзея ў гісторыі чалавецтва, якая паўплывала на ўвесь свет і, нягледзячы на вялікае класавае насілле, дазволіла Расіі выбраць некапіталістычны шлях развіцця, вырваць яе з векавой адсталасці, забяспечыць нябачныя раней тэмпы развіцця эканомікі, навукі, прамысловасці.
З таго часу прайшло 99 гадоў, змянілася не адно пакаленне людзей, перастаў існаваць СССР – дзяржава, народжаная рэвалюцыяй. У нашай краіне дзень 7 лістапада стаіць у адным радзе з такімі дзяржаўнымі святамі, як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі. Напярэдадні яго мы пацікавіліся ў нашых чытачоў рознага ўзросту, як яны адносяцца да гэтага свята.
Ганна Яўгенаўна, 89 гадоў:
– Як да найвялікшай падзеі, якая сыграла вялікую ролю ў жыцці сённяшняга і мінулых пакаленняў. Як былая піянерка, камсамолка, член КПСС, прыгожа апранаюся ў гэты дзень, накрываю святочны стол, слухаю пласцінкі з рэвалюцыйнымі песнямі і, канечне, успамінаю.
Максім, 14 гадоў:
-– Па гісторыі вучылі ўсё пра рэвалюцыю. Падзея, канечне. Выхадны дзень, таксама здорава. Канікулы большыя. Як пры СССР святкавалі не ведаю, а навошта?
Тамара Васільеўна, 56 гадоў:
– Хадзілі на дэманстрацыі, радаваліся, што два выхадныя. Пасля дэманстрацыі абавязкова гасціліся. У дварах была чутна музыка. Тады гэта сапраўды было свята. Зараз мая сям’я і ўсе сябры святкуюць Вялікдзень і Каляды. Яшчэ, канечне, Дзень Незалежнасці і 9 Мая. Гэтыя святы вечныя.
Дзмітрый, 37 гадоў:
– Я крыху памятаю святочныя дэманстрацыі, якія праводзіліся 7 лістапада. Бацькі мяне бралі з сабой. У Докшыцах на плошчы імя І.С. Палявога ставілі трыбуну з партрэтам У.І. Леніна і міма яе пад музыку духавога аркестра ішлі калоны дэманстрантаў з лозунгамі, шарамі, партрэтамі кіраўнікоў партыі і ўрада. Нам, дзецям, было весела, і я стараўся як мага мацней крыкнуць “ура!”, калі з трыбуны віталі дэманстрантаў. Гэта наша гісторыя і яе трэба памятаць і паважаць.
НА ЗДЫМКУ: тая самая святочная дэманстрацыя, пра якую ўзгадвалі нашы рэспандэнты. На здымку яна праходзіць у год 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Докшыцах на плошчы І.С. Палявога ля будынка сённяшняга райста, дзе ў 1967 годзе быў універмаг. На першым плане святочная калона вучняў і настаўнікаў Докшыцкай сярэдняй школы імя
І.С. Палявога.