Инспектором группы пропаганды и взаимодействия с общественностью в Докшицах работает Иван Скурат
Тое, што ў будучыні Іван Скурат звяжа свой лёс з прафесіяй мужных і смелых, ён ведаў ужо з дзявятага класа.
– Нарадзіўся і вырас я ў Полацку, – кажа Іван. – Да шостага класа навучаўся ў СШ №10, а потым бацькі перавялі мяне ў адну з самых прэстыжных устаноў Віцебскай вобласці – школу, якая носіць імя Еўфрасінні Полацкай. Адразу скажу, што вучыцца вельмі падабалася, асабліва ўважлівым быў на ўроках рускай мовы. Да фізічнай культуры ставіўся сур’ёзна, бо, на маю думку, кожны малады чалавек павінен трымаць сябе ў форме, быць падцягнутым і дужым. На выбар маёй прафесіі паўплывала тое, што ў школе быў арганізаваны профільны клас, дзе спасцігаліся азы прафесіі выратавальнікаў-пажарных. Туды трапіў і я. Даводзілася прымаць удзел у раённых і абласных спаборніцтвах, падчас якіх дэманстравалі страявую падрыхтоўку, паказвалі свае здольнасці ў пажарна-прыкладным спорце. Так і вызначыўся з будучай прафесіяй. Паступіў адразу пасля школы ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Спачатку хацеў быць байцом і тушыць пажары, а атрымалася, што пасля размеркавання трапіў у Докшыцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях на вакантную пасаду інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю.
– Як прыняў цябе Докшыцкі раён?
– Гэтыя мясціны ніколі не былі чужымі. Справа ў тым, што тут калісьці жыла мая бабуля, да якой я часта прыязджаў на летнія вакацыі. Тут ёсць сябры, калегі, якія дапамаглі асвоіцца на новым месцы. Адным словам, раён прыняў гасцінна.
– У чым спецыфіка тваёй работы?
– Мне неабходна данесці людзям патрэбную інфармацыю, каб яны зразумелі, па сутнасці, простыя правілы, якіх трэба прытрымлівацца і якія дапамогуць пазбегнуць бяды, працягвае Іван. – Прыходзіцца працаваць з рознымі людзьмі, але больш люблю з дзецьмі. З імі гутарка атрымліваецца жывая – бясконца задаюць пытанні, значыць, ім цікава.
Сучаснае жыццё даказала, што навыкам бяспечных паводзінаў дзяцей неабходна вучыць з маленства. Цікавымі і яркімі мерапрыемствамі, якія даюць агульную карціну аб нашай прафесіі, з’яўляюцца гульнявыя трэнінгі. Падчас іх праводзяцца гутаркі, дэманструюцца відэафільмы, а таксама конкурсы і спаборніцтвы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярплівасцю іх чакаюць. А я, у сваю чаргу, спяшаюся на сустрэчу з імі. Лічу, што любая работа павінна прыносіць карысць, таму стараюся выконваць яе бездакорна.
За апошнія два гады раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях папоўніўся пяццю новымі работнікамі. Сярод іх пасаду першага намесніка начальніка РАНС заняў Яўген Рачыцкі, інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС прызначаны Іван Скурат (на здымку).