Любовь Козлова из Докшиц активно помогает Свято-Покровскому приходу
Ніхто не ведае, якім лёсам будзе адораны. Кажуць, усё, што адбываецца, наканавана Богам. Да яго – Усявышняга – усё жыццё прыслухоўваецца дакшычанка Любоў Казлова. Нават у савецкія часы, калі разбураліся храмы і валадарыў атэізм, бацькі Любові Міхайлаўны, як маглі, стараліся выхоўваць дваіх дзяцей па Божых запаведзях. З замілаваннем гераіня ўспамінае дзяцінства ў вёсцы Лапуты, няхай і цяжкое, пасляваеннае. Бацька імкнуўся забяспечыць сям’ю ўсім патрэбным, а таму шмат працаваў. Ён меў залатыя рукі і сваім майстэрствам славіўся на ўсё наваколле. Даглядаць маленькую Любачку дапамагала глуханямая жанчына Альжбета, якую сям’я прытуліла ў сябе.
– Нездарма Бог накіраваў яе пастукацца менавіта ў дзверы нашай хаты, – разважае Любоў Міхайлаўна. – Альжбета добра шыла. Да яе з просьбай пашыць адзенне звярталіся многія вяскоўцы. А я з дня ў дзень, як зачараваная, назірала за яе працай. Аднойчы Альжбеце заказалі сукенку для дзяўчынкі. Я падлавіла момант, сцягнула недашытую адзежыну, схавалася пад стол і нажніцамі “змадэліравала” свой варыянт. Дзякуй богу, бацькі да майго свавольства аднесліся з разуменнем, а ў мяне з’явілася мара навучыцца шыць. Мне вельмі пашанцавала, што ў докшыцкай школе выкладалі швейную справу. Памятаю, як у восьмым класе тата зрабіў шыкоўны падарунак – збыў цяля і купіў швейную машынку. Пасля здачы дзяржаўнага экзамену ў адзінаццатым класе я атрымала ІІІ разрад швачкі. На гэта мерапрыемства ішла ў першых пашытых сваімі рукамі рэчах – сукенцы і жакеце.
Жаданую спецыяльнасць закройшчыцы Любоў Міхайлаўна атрымала ў Віцебскім тэхнічным вучылішчы, пасля заканчэння якога выйшла замуж. Муж звёз сям’ю на сваю радзіму, у Эстонію, але пасля нараджэння першай дачкі Казловы вярнуліся ў Беларусь. Люба пайшла працаваць закройшчыцай у КБА, завочна скончыла тэхнікум, пасля шмат гадоў была загадчыцай камбіната бытавога абслугоўвання. Нарадзіла другую дачку.
Докшыцкія модніцы па сённяшні дзень з удзячнасцю ўспамінаюць мадыстку Казлову, да якой звярталіся па дапамогу. Яна ж, выхаваная ў дабрыні, чуласці і веры ў Бога, заўсёды стараецца адгукнуцца. Больш за дваццаць гадоў жанчына з’яўляецца актыўным паломнікам да розных святых месцаў. Першая паездка ў Іванаўскі манастыр, што пад Масквой, стала для яе пачаткам новага жыцця. Сёння Любоў Міхайлаўна актыўна дапамагае ў царкоўных справах Свята-Пакроўскаму прыходу, моліцца за душы памерлых. Насенне духоўнасці, дабрыні і чалавечнасці, закладзенае з маленства, штодзень дае шчодры ўраджай веры, любові і надзеі. Ім з задавальненнем Любоў Міхайлаўна дзеліцца з навакольнымі.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.