В Докшицком районе прошёл день Порплищенского сельсовета
Парплішчанскі сельсавет самы меншы ў раёне па плошчы і колькасці населеных пунктаў. У дзевяці вёсках і аграгарадку пражывае 1032 чалавекі. Прыкладна палова гэтай колькасці – людзі працаздольнага ўзросту. Налічваецца 462 падсобныя гаспадаркі. Вяскоўцы трымаюць паўтары сотні буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 124 каровы. Дзяржаве здалі ў сярэднім па 4 тоны малака на адну галаву. У аграгарадку ёсць усё, што патрэбна для задавальнення жыццёвых патрэб насельніцтва: працуюць дзве гандлёвыя кропкі, участак РУП ЖКГ, амбулаторыя, КПП, сярэдняя школа, дзіцячы садок, музычны і харэаграфічны класы, пошта, СДК, бібліятэка. Стваральнай працы садзейнічае і спакойная крымінагенная абстаноўка (зарэгістраваны толькі 1 злачынства і 1 пажар).
Пра ўсё гэта ішла размова на дні Парплішчанскага сельсавета, які адбыўся ў мінулую сераду. Галоўным жа яго пытаннем стала навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Трэба сказаць, што вялікай запушчанасці, якую можна было назіраць раней у іншых сельсаветах, тут не было ніколі. Гэтаму спрыяла і невялікая колькасць населеных пунктаў, і менталітэт мясцовага насельніцтва, якому ўласціва пачуццё гаспадара на зямлі. У рэестры значыцца 105 пустых хат, якія ўсе маюць спадчыннікаў. Палова гэтых людзей трымае ў патрэбным стане бацькоўскія сядзібы без напамінку. З такім стартавым “капіталам”, калі вельмі пастарацца, можна зрабіць сельсавет ідэальны па парадку на зямлі. На жаль, пакуль што так не атрымоўваецца. Канечне, нельга сказаць, што мясцовая ўлада наогул не займаецца названай дзейнасцю. Сёлета практычна ў кожным населеным пункце праведзена некаторая работа. Напрыклад, у аграгарадку знесена трухлявая хата, хлеў, будынкі былой піларамы, чыгуначнага вакзала, дзве фермы. Ад дзевяці трухлявых пабудоў, у тым ліку ад дзвюх фермаў, пазбавілася вёска Варганы. Хату і два хлявы разабралі ў Чачуках. ААТ “Барсучанка” прыбрала ў населеных пунктах пяць падмуркаў. Пасля правядзення культуртэхнічных работ 37 участкаў агульнай плошчай 12,7 гектара ўведзены ў агульны севазварот.
Але і відэафільм, і натуральныя карцінкі ў час аб’езду населеных пунктаў сведчылі, што мясцовай уладзе ўсё ж такі трэба круцей з больш разумным падыходам брацца за справу. Напрыклад, у Грабучым ёсць будынак, які некалі быў школай, потым жылым домам. Тэрыторыю вакол яго па перыметры ўпрыгожваюць пасаджаныя вучнямі дрэвы, але між імі кінуўся ў рост падлесак і зрабіў некалі адзін з найпрыгажэйшых куточкаў вёскі звычайным недагледжаным месцам. Каб па-гаспадарску добраўпарадкаваць яго, неабходна знішчыць менавіта гэты падлесак. На ўчастку, які адкрыўся б пасля гэтага як на далоні, і можна планаваць далейшае добраўпарадкаванне. Пакуль жа, створаная з маладых дрэўцаў алея перад хмызняком, выклікае калі толькі здзіўленне. На гэта агульнае відовішча мала ўплывае той факт, што будынак былой школы пачалі разбіраць (на здымку).
На дні сельсавета, як звычайна, праводзіў прыём грамадзян старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Магчымасць асабістай сустрэчы з кіраўніком раёна скарыстала жыхарка аграгарадка Порплішча Зухра Гапанёнак. Яна выказала словы падзякі раённай выканаўчай уладзе за клопат аб патрэбах насельніцтва, у прыватнасці, за стварэнне належных умоў для прыёму ў дзіцячай кансультацыі ЦРБ, за будаўніцтва тратуарных з’ездаў у аграгарадку. Менавіта гэтыя пытанні яна ўздымала ў адзін з мінулых прыёмаў і засталася задаволеная іх вырашэннем. У час прыёму ў населеных пунктах, які праводзілі старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, работнікі райвыканкама і кіраўнікі арганізацый раёна, жыхарка в. Іванаўка Соф’я Атрахімовіч падзякавала дырэктару ААТ “Барсучанка” Сяргею Маскалёнку за дапамогу ў рамонце хлява.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.