Дмитрий Федюкевич из Докшицкого района поёт в Национальном академическом народном хоре Республики Беларусь им. Цитовича
Вось ужо 20 гадоў наш зямляк, крыпульчанін Дзмітрый Федзюкевіч (на здымку) з задавальненнем дзеліцца сваім талентам артыста не толькі са сцэн канцэртных залаў Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Францыі і далёкага Кітая. Ён – саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча.
З хваляваннем успамінае Дзмітрый той лёсавызначальны дзень, калі ён і матуля Надзея Апанасаўна, знаходзячыся па справах у райцэнтры, выпадкова звярнулі ўвагу на аб’яву пра набор у музычную школу.
– Пойдзем? – спытала маці.
– Пойдзем! – згадзіўся хлопчык.
На ўступных экзаменах Дзіма так гучна спяваў, што яму адразу прапанавалі займацца на трубе, але хлопец выбраў баян. Так пазнаёміўся з выдатным таленавітым выкладчыкам, шчырым і добрым чалавекам Яўгенам Уладзіміравічам Ганчаровым, якому і сёння ўдзячны за выбар будучай прафесіі. Дзмітрый аказаўся вельмі здатным да музычнай навукі – за адзін год ён прайшоў два класы.
– На самой справе мне было зусім нялёгка, – успамінае Дзмітрый. – Часта я жаліўся на тое, што пальцы ў мяне кароткія – не даставалі да патрэбных кнопак. І больш часу хацелася праводзіць у гульнях з сябрамі, а трэба было тры-чатыры разы на тыдзень ездзіць у Докшыцы на заняткі ў музычную школу. Вялікі дзякуй маім бацькам, якія заўсёды знаходзілі патрэбныя словы падтрымкі, не шкадавалі пахвалы за мае поспехі ў музычнай навуцы. Я быў актыўным удзельнікам шматлікіх мясцовых конкурсаў мастацкай самадзейнасці. Мае старанні прыкмецілі работнікі аддзела культуры, якія параілі з’ездзіць на праслухоўванне ва ўніверсітэт культуры. Пасля паспяховай здачы ўступных экзаменаў у ВНУ я быў залічаны ў клас па харавым дырыжыраванні.
Свой вольны час у студэнцкія гады Дзмітрый часцей за ўсё прысвячаў наведванню канцэртаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору. Так сталася, што на дзяржаўным экзамене старшынёй камісіі быў кіраўнік гэтага калектыву, народны артыст Міхаіл Дрынеўскі, які заўважыў таленавітага юнака і прапанаваў яму работу артыста.
Творчая дзейнасць саліста хору Дзмітрыя Федзюкевіча неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі і падзякамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлетні канцэртны графік калектыву вельмі насычаны. Год культуры артысты адзначылі новымі канцэртнымі праграмамі, цікавымі пастаноўкамі і яркімі нумарамі. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да 65-гадовага юбілею Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору, святкаванне якога прыпадае на сакавік. Нягледзячы на несупынныя канцэрты і рэпетыцыі, Дзмітрый абавязкова знаходзіць час, каб наведацца ў бацькоўскі дом, абняць маці і сустрэцца з блізкімі і роднымі. Разам з ім заўсёды жонка Наталля (дарэчы, таксама наша зямлячка), дачка Настасся і сын Уладзіслаў.
– Яшчэ мой дзед гаварыў: “Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж”. Гэтыя словы часта паўтараў і мой бацька. Па такім жа прынцыпе стараюся ісці па жыцці і я, – дзеліцца Дзмітрый. – І дзяцей сваіх вучу любую справу даводзіць да канца, якія б цяжкасці ні сустракаліся на шляху.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.