Конкурс новогодних персонажей прошел в Докшицах
Па завядзёнцы святкаванне ў райцэнтры на каталіцкія Каляды распачалося парадам удзельнікаў раённага конкурсу навагодніх персанажаў “Казачны Новы год-2017”. Са старажытных часоў у беларусаў існуе добрая традыцыя пераапранання на калядкі, якую сёлета заўзята падтрымалі прадстаўнікі дзесяці мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў. Акрамя традыцыйных Дзеда Мароза і Снягуркі, ля гарадской ёлкі кружыліся ў карагодзе героі вядомых казак і мультфільмаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з задавальненнем танцавалі побач, час ад часу спрабавалі з іх скінуць маскі, каб пазнаць, хто за імі схаваўся. Бліжэй пазнаёміцца з героямі парада давялося падчас іх удзелу ў жартаўлівых выпрабаваннях. Персанажы танцавалі, спявалі, прыбіралі ёлку, кармілі адзін аднаго вітамінкамі. Самыя актыўныя, вясёлыя і цікавыя былі адзначаны прызамі-пачастункамі. Так, за лепшы касцюм сімвала надыходзячага года – пеўня – прыз атрымала работніца дзіцячага сада № 1 г. Докшыцы Раіса Пакора, танец якой не пакінуў нікога раўнадушным. Таксама лепшым назвалі касцюм Малефісенты (чараўніцы з казкі “Спячая прыгажуня”), у вобразе якой у конкурсе ўдзельнічала аператар паштовай сувязі АПС Докшыцы-1 Ксенія Францкевіч. У намінацыі “Лепшая творчая каманда конкурсу-парада навагодніх персанажаў” перамаглі творчыя калектывы дзіцячага сада № 1 г. Докшыцы, СШ № 1 г. Докшыцы і ААТ “Завод “Ветразь”. На гарадской ёлцы ўрачыста запалілі агеньчыкі, і Новы год пачаўся!
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
Больш фота і відэа
на сайце dokshitsy.by.