Бегомльский лесхоз работает по новому Кодексу
Законную моц набыў новы Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь 31 снежня 2016 года.
Ён, у параўнанні з тым, які дзейнічаў раней, значна глыбей ахоплівае спрэчныя пытанні галіны. Пра тое, па якіх новых правілах пачалі працаваць работнікі лясной гаспадаркі, якія з іх найбольш важныя і прынцыповыя, мы пагутарылі з начальнікам аддзела лясной гаспадаркі і лесаўзнаўлення ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Русланай Якубовіч (на здымку).
– Якія найбольш важкія ўдакладненні прапісаны ў новым Лясным кодэксе?
– Дакумент удакладняе паўнамоцтвы і абавязкі суб’ектаў па пытаннях карыстання, аховы, абароны і лесаўзнаўлення. Зменены састаў лясоў, у тым ліку і іх дзяленне па катэгорыях, а таксама адбылося ўдакладненне пэўнай тэрміналогіі. Напрыклад, дзякуючы ўдакладненню тэрміну “незаконная рубка” зараз можна размежаваць незаконную рубку без дакументаў дазволу і з іх наяўнасцю, але недакладным афармленнем. Дапрацаваны таксама пытанні водпуску драўніны на корані, арэндных адносінаў у лясной гаспадарцы, пабочнага лесакарыстання, нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў. Вялікая ўвага ў новым кодэксе нададзена тэме лесаўзнаўлення. Упершыню асобная глава прысвечана насенняводству лясных раслін, рэгуліроўкі вытворчасці і выкарыстання насення.
– Статыстыка лясгаса і галіны ў цэлым сведчыць пра тое, што аб’ёмы лесакарыстання з кожным годам толькі павялічваюцца. Якія змены закрануць рынак лясных паслуг?
– Юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, на аснове грамадзянска-прававога дагавора маюць права прыцягваць падрадчыкаў для аказання паслуг лесакарыстання, выканання лесагаспадарчых мерапрыемстваў. Новы кодэкс дае асобе, якая вядзе лясную гаспадарку, права самастойна і аператыўна, без унясення адпаведных змен і дапаўненяў у лесаўпарадкавальны праект, назначаць і праводзіць шэраг мерапрыемстваў, якія накіраваны на вырошчванне высокапрадукцыйных і біялагічна ўстойлівых насаджэнняў.
Акрамя гэтага, вызначаны дакладны пералік дзяржорганаў, якім прадстаўляецца права кантролю ў нашай галіне. Яно замацавана за Міністэрствам лясной гаспадаркі, Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэтам дзяржкантролю, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржінспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету.
– Кодэксам уведзены канкрэтны пералік забарон гаспадарчай і іншай дзейнасці на тэрыторыі ляснога фонду. Раскажыце пра іх падрабязней.
– Гэта сапраўды так. У прыватнасці, у лясным фондзе забараняецца ўзвядзенне, эксплуатацыя, рэканструкцыя, капітальны рамонт аб’ектаў пахавання, абясшкоджвання, захоўвання адкідаў (выключэнне складаюць санкцыянаваныя месцы часовага захоўвання адкідаў). Нельга скідваць на тэрыторыю ляснога фонду сцёкавыя воды прамысловых, камунальных, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый, а таксама снег з пясчана-солевай сумессю, прадукты жыццядзейнасці сельскагаспадарчых жывёл. У лясным масіве нельга мыць транспартныя і іншыя тэхнічныя сродкі, размяшчаць могільнікі жывёлы, а таксама ўладкоўваць летнія лагеры для сельскагаспадарчых жывёл, захавальнікі для складзіравання ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін. Ну і, зразумела, нельга забруджваць лясны фонд бытавымі адкідамі, хімічнымі і іншымі рэчывамі. Пад забаронай таксама гаспадарчая і іншая дзейнасць, якая аказвае шкодны ўплыў ці прыводзіць да знішчэння лесу.
– Што чакаецца ад новага Ляснога кодэкса?
– Узмацненне лесагаспадарчага блоку ў частцы ўзнаўлення, насенняводства, аховы і абароны лесу, а таксама павышэнне адказнасці лесагаспадарчых устаноў за работы, якія яны вядуць, бясспрэчна накіравана на павышэнне эфектыўнасці вядзення лясной гаспадаркі, захаванне заканадаўства і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Шэраг палажэнняў новага дакумента накіраваны на аптымізацыю суаднясення плошчаў абаронных, ахоўных і эксплуатацыйных лясоў. Зараз лясы будуць падзяляцца на чатыры катэгорыі: прыродаахоўныя, рэкрэацыйна-аздараўленчыя, абарончыя і эксплуатацыйныя. Новая класіфікацыя набліжае галіну да міжнародных падыходаў у размеркаванні лясоў. Спрашчаецца ўлік. Становіцца больш дакладнай функцыянальная прыналежнасць кожнага ўчастка лесу, а плошча прыродаахоўных лясоў у цэлым па рэспубліцы павялічваецца з 14,2 да 18,7 працэнта.
– Дзякуй за адказы.
Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.