Ученики и учителя СШ№1 г. Докшицы спасали рыбу на городском озере
Днямі на гарадскім возеры вучні і настаўнікі СШ № 1 г. Докшыцы правялі акцыю “Выратуем рыбу ад замору”. Дзесяцікласнікі бурылі лункі і ўстанаўлівалі ў іх снапы з травы, сухія сцябліны якой збіралі тут жа, на беразе вадаёма.
– Буры дзеці прынеслі з дому, бо амаль у кожнага бацька – рыбак, – распавялі настаўнікі матэматыкі школы Віктар Шпак (таксама заядлы рыбак) і Сяргей Камінскі. – Лункі пракруціліся хутка. Цяжэй наразалася патрэбная колькасць раслін, якія вельмі колюцца. Але дзеці стараліся.
– Замор рыбы – звычайная з’ява марознай зімой, – падтрымала размову настаўніца біялогіі Таццяна Бальчэўская. – На сённяшні дзень таўшчыня лёду на возеры дасягае 40 сантыметраў. Ледзяное покрыва перашкаджае паступленню ў вадаём кіслароду, у выніку чаго і гіне рыба.
Пракантраляваць свае дзеянні ўдзельнікі акцыі запрасілі начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслава Паляніна, які быў вельмі ўдзячны неабыякавай да такой экалагічнай праблемы моладзі.
– Падчас акцыі нашы юнакі прасвідравалі трыццаць лунак, якія дапамогуць насельнікам возера перажыць неспрыяльныя ўмовы, – дадала ўдзельніца мерапрыемства Настасся Савіцкая. – Мы пастараемся, каб падобная добрая справа стала рэгулярнай, бо спрыяць прыродзе трэба заўсёды, а не час ад часу.
Тэкст і фота Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.