В агрогородке Берёзки Докшицкого района состоялся день информирования населения

img_6742У сераду, 28 снежня, у аграгарадку Бярозкі адбыўся дзень інфармавання насельніцтва з удзелам міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алега Сліжэўскага, старшыні райвыканкама Алега Пінчука і начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі вобласці Сяргея Канапелькі. Інфармацыйная сустрэча з калектывам КУСГП імя Чэрныша прайшла ў памяшканні мясцовай школы (на здымку).

Першым чынам міністр юстыцыі пазнаёміў прысутных з асноўнымі абавязкамі, якія ўскладзены на падначаленае яму ведамства. Гэта норматворчая дзейнасць, правядзенне праверак, узгадненне праектаў нарматыўных актаў, адказнасць за выкананне судовых пастаноў, рэгістрацыя суб’ектаў гаспадарання, ліцэнзаванне юрыдычнай дзейнасці і інш.
Затым размова вялася пра надзённыя пытанні мясцовага сельгаспрадпрыемства. Сярод іх выкананне паказчыкаў, дакладнае захаванне тэхналогіі вытворчасці сельгаспрадукцыі, выплата заробку.
Ад старшыні райвыканкама Алега Пінчука прагучала канструктыўная крытыка ў адрас кіраўніцтва КУСГП імя Чэрныша. Прадпрыемства за апошні год моцна страціла свае пазіцыі. І праблема не столькі ў няпростых эканамічных умовах (якія аднолькавыя для большасці прадпрыемстваў), колькі ў грэбаванні элементарнай выканаўчай дысцыплінай і прынцыповым падыходам да справы. З-за невыканання тэхналагічных патрабаванняў прадпрыемства значна знізіла вытворчасць зерневых, рапсу. Ёсць пытанні і ў галіне жывёлагадоўлі. Падставай для іх часта слу­жаць несумленныя адносіны да справы кожнага на сваім рабочым месцы. І ў такім разе кіраўніку неабходна граматна, прынцыпова і смела даваць ацэнку членам калектыву: ці заахвоціць за добрую працу, ці прапанаваць пашукаць іншае месца.
Асноўнай тэзай выступленняў гучала тое, што грамадству ўжо час адыходзіць ад псіхалогіі спажывання і дармаедскіх адносін да справы, якія досыць хутка прыжываюцца і пускаюць трывалае карэнне. Хопіць пастаянна спадзявацца на тое, што як бы ні працавала прадпрыемства ў цэлым, сродкі для яго падтрымання дзяржавай усё роўна будуць выдзелены. Гэта пазіцыя – правальная і недапушчальная ў надзённых эканамічных рэаліях.
Сёння трэба думаць пра пагашэнне той крэдыторскай запазычанасці, якая маецца, імкнуцца зарабляць, а не чакаць ад дзяржавы новых і новых пазык.
На бюджэт ускладзены цяжар па забеспячэнні належнага функцыянавання аб’ектаў сацыяльнай сферы. А таму і ў Бярозках, і ў іншых не надта буйных населеных пунктах раёна функцыянуюць і маюць належныя ўмовы ўстановы аховы здароўя, дашкольнага і школьнага выхавання, культуры, не забытыя адзінокія і састарэлыя людзі, якія часта пры жывых нашчадках застаюцца ім не патрэбнымі. Вуліцы асветлены, дарогі ўбіраюцца, забяспечаны стабільны грамадскі парадак.
Што чакаецца ўзамен? Першачарговая задача для ўсіх прадпрыемстваў краіны не проста выпусціць любую прадукцыю, а прыкласці максімум намаганняў, каб яна была высокай якасці і магла канкурыраваць на рынку. А гэта неадольна, калі кожны на сваім рабочым месцы не перагледзіць адносіны да працы і не будзе дакладна і сумленна вытрымліваць тэхналогію на ўсіх этапах вытворчасці.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *