В Докшицах работники культуры и профсоюз обсудили вопросы военно-патриотического воспитания

Здымак 1

Здымак 1

Здымак 2

Здымак 2

У аўторак, 24 студзеня, з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Рандарэвіч адбылося сумеснае пасяджэнне савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і прэзідыума раённага аб’яднання прафсаюзаў. Падчас яго ўстановы культуры і прафсаюзныя суполкі дзяліліся вопытам работы ў такім накірунку, як ваенна-патрыятычнае выхаванне.

У сваім выступленні старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат адзначыла той факт, што сёлета загадам Прэзідэнта за вялікі ўнёсак у патрыятычнае выхаванне грамадзян, правядзенне маштабнай рэстаўрацыі мемарыяла “Курган Славы” ФПБ прысуджана прэмія “За духоўнае адраджэнне”. Аднак гэта не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. Кожнае абласное, раённае аб’яднанні, многія пярвічкі на месцах на дабрачынных пачатках займаюцца рэканструкцыяй памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і ў цэлым захаваннем нашай агульнай гістарычнай памяці. Напрыклад, у 2016 годзе ў нашай вобласці з прафсаюзнага бюджэту было накіравана звыш 33 тысяч рублёў на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне і 5 тысяч рублёў — на рэканструкцыю мемарыяла ў в. Копці Віцебскага раёна.
У нашым раёне таксама вядзецца значная работа ў гэтым накірунку. На тэрыторыі Докшыч­чыны размешчана 88 помнікаў, памятных знакаў і абеліскаў, з іх 15 – гэта воінскія пахаванні. Штогод арганізацыямі, якія замацаваны за імі, праводзяцца рамонты падмуркаў помнікаў, падсыпка і прыбіранне тэрыторыі вакол іх. Аднак большасці манументаў ужо за 40 – 50 гадоў, і многім патрабуецца капітальны рамонт. За апошні час былі адрамантаваны помнікі на плошчы Палявога ў райцэнтры, воінскае пахаванне ў Параф’янаве, праведзены капітальны рамонт з усталяваннем новых пліт на воінскім пахаванні ў Бягомлі. За кошт сродкаў Докшыцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” праведзены капітальны рамонт з заменай пліт воінскага пахавання ў Вітунічах. Докшыцкім хлебазаводам за асабістыя сродкі зроблена рэстаўрацыя воінскага пахавання і помніка ў Вілейцы Бярозкаўскага сельсавета (здымак 4).

Здымак 3

Здымак 3

У 2010 годзе была праведзена вялізная работа па рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу “Праклён фашызму” ў Шунеўцы з удзелам многіх арганізацый раёна.
У 2012 годзе па ініцыятыве раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” ў Докшыцах быў устаноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам, а ў мінулым годзе праведзена яго далейшае добраўпарадкаванне: побач з помнікам з’явілася баявая машына дэсанта.
Летам мінулага года па ініцыятыве Бягомльскага сельвыканкама на мясцовых могілках быў устаноўлены помнік загінулым ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзе занатаваны прозвішчы 107 ахвяр фашызму (здымак 5).
Да 70-годдзя Перамогі ў раёне праводзілася даследчая экспедыцыя “Не было салдат без імені…”, падчас якой была складзена картатэка загінулых жыхароў раёна са зверкай усіх архіўных дакументаў. База дадзеных размешчана на афіцыйным сайце райвыканкама.
Але не толькі да добраўпарадкавання зводзіцца ваенна-патрыятычнае выхаванне. Пра тое, якім чынам установы адукацыі займаюцца прывіццём дашкольнікам і школьнікам пачуцця любові да краіны, родных мясцін і павагі да герояў вайны расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Ягорава.
Загадчыца Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі імя П. Панчанкі Вольга Батура (здымак 1) паведаміла, што з 2004 года ўстанова працуе па спецыяльнай патрыятычнай праграме. Яе асноўныя мэты – гэта абуджэнне цікавасці да гераічнага мінулага беларускага народа, выхаванне гонару за свой родны край і прывіццё любові да яго традыцый. Бібліятэкары не толькі робяць тэматычныя падборкі літаратуры і афармляюць выставы, але як самастойна, так і сумесна з мясцовымі арганізацыямі і ўстановамі праводзяць розныя мерапрыемствы са спасылкай на ўзрост удзельнікаў. Сярод іх – бібліятэчныя ўрокі, віктарыны, патрыятычныя і інфармацыйныя гадзіны, падарожжа па маршруце памяці ў гарпасёлку (здымак 3). У снежні мінулага года адбылося мерапрыемства, прысвечанае дню вызвалення Бягомля.

Здымак 4

Здымак 4

Здымак 5

Здымак 5

Экскурсійнай і навуковай дзейнасці Бягомльскага музея Народнай славы было прысвечана выступленне яго дырэктара Вольгі Навіцкай.
Пра арганізацыю патрыятычнай работы паведаміла член прафкама філіяла Докшыцкага хлебазавода Ірына Сакалова (здымак 2). Як ужо згадвалася, калектыў прадпрыемства паспрыяў аднаўленню помніка ў Вілейцы, актыўна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах патрыятычнага накірунку, не забываецца пра ветэранаў з ліку былых работнікаў і воінаў-інтэрнацыяналістаў, вядзе актыўнае экскурсійнае жыццё.
Вынікі пасяджэння падвяла Валянціна Рандарэвіч. У цэлым яна дала станоўчую ацэнку той рабоце, якая праводзіцца ў патрыятычна-выхаваўчым накірунку, аднак мясцовым калектывам трэба не толькі імкнуцца бываць у іншых населеных пунктах, але і вылучыць час, каб наведаць цікавыя краязнаўчыя экскурсіі па родным раёне, якія ладзіць ФСК “Ураджай”. На думку намесніка старшыні, чалавек не можа назваць сябе патрыётам, калі не ведае таго месца, дзе жыве. Тэма патрыятычнага выхавання не мае тэрміну даўніны — яна будзе актуальнай і запатрабаванай заўжды.
Завяршыў сумеснае мерапрыемства цудоўны тэматычны канцэрт.

За актыўны ўдзел у рабоце па ваенна-патрыятычным выхаванні маладога пакалення, добраўпарадкаванні помнікаў і месцаў пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны Граматамі Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны старшыня Бягомльскага сельсавета Мікалай Трахінін, дырэктар філіяла Докшыцкі хлебазавод Аляксей Байкоў, інструктар-метадыст па турызме ФСК “Ураджай” Ірына Сабалеўская.
Граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў падчас пасяджэння былі ўручаны старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянціну Андрыеўскаму, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 г. Докшыцы Вользе Калбасіч, загадчыцы аддзела камплектацыі і апрацоўкі раённай бібліятэкі Алене Капытка.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара і В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *