В Докшицах выбрали юных талантов (+фото)
У рамках IV рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир!” у райцэнтры адбыўся агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці “Юныя таленты”. Творчыя, адораныя хлопчыкі і дзяўчынкі прадставілі дванаццаць устаноў адукацыі, а таксама раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.
Лепшыя “Юныя таленты” Докшыччыны дэманстравалі свае ўменні і захапленні ў трох намінацыях: вакальная, тэатральная і харэаграфічная творчасць. Кампетэнтнае журы ацэньвала ўменне трымацца на сцэне, работу з мікрафонам і іншыя патрабаванні да сапраўднага артыста.
Калі ў глядацкай зале гарадскога Цэнтра культуры, дзе адбываўся агляд-конкурс, панавала атмасфера сур’ёзнасці і адказнасці, то ў фае віравала сваё “закуліснае” жыццё. Прадстаўнікі школ прыязджалі па раскладзе, адны артысты незаўважна змянялі другіх, хтосьці распяваўся, пераапранаўся ў сцэнічны касцюм, рабіў танцавальную размінку. Некаторыя зусім юныя выканаўцы, для якіх удзел у конкурсе быў першым у жыцці, пачыналі плакаць перад выступленнем, але іх тут жа супакойвалі бацькі, якія, канечне, былі галоўнымі заўзятарамі сваіх дзетак. Нягледзячы на траскучы мароз за акном, які выстуджваў залу, удзельнікі конкурсу выходзілі на сцэну не звяртаючы ўвагу на холад: у прыгожых строях, са шчырымі ўсмешкамі і іскрынкамі ў вачах.
Вакалісты
У кожнай намінацыі пераможцаў адзначалі і ва ўзроставых катэгорыях. Так, у намінацыі «Вакальная творчасць» сярод вакалістаў 6 – 9 гадоў І месца ў вучняў СШ № 2 г. Докшыцы Марыі Шылковай (ЦДіМ) і Сяргея Красільнікава, ІІ месца – у Ксеніі Кавалёнак з Крулеўшчынскай СШ і Анатолія Галавача з СШ № 2 г. Докшыцы, ІІІ месца – у вучня СШ № 1 г. Докшыцы Андрэя Шаклюцкага і вучаніцы Параф’янаўскай СШ Ксеніі Дабравольскай. Сярод вакалістаў 10 – 13 гадоў на І месца трапілі Ягор Асаёнак (СШ № 2 г. Докшыцы) і Аляксандра Зубрыцкая (Крулеўшчынскай СШ). На ІІ месцы апынулася Настасся Дзехцяронак (СШ № 1 г. Докшыцы), на ІІІ месцы – Лявонцій Зайцаў (Сітцаўская СШ). Таксама журы адзначыла выступленне вучаніцы Парплішчанскай СШ Кацярыны Крук. Сімпатыю журы атрымала Мілана Пятровіч з Барсукоўскай СШ. Ва ўзроставай катэгорыі 14 – 18 гадоў самымі яскравымі і запамінальнымі сталі выступленні Лізаветы Яцкевіч (Бягомльская СШ) і Лізаветы Міхмель (Крулеўшчынская СШ) – абедзвюм юным артысткам аддалі І месца. На ІІ месцы — вучаніца Тумілавіцкай СШ Валянціна Кароткіна, якая выступала за раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. На ІІІ месцы – Марыя Грыцкевіч (СШ № 1 г. Докшыцы) і Аліна Анісовіч (Бягомльская СШ). Дадатковую адзнаку ў гэтай намінацыі атрымалі Андрэй Камінскі (Парплішчанская СШ), Дар’я Казлоўская (Барсукоўская СШ) і Ангеліка Траплоўская (Бягомльская СШ).
Вакальныя ансамблі
Ва ўзроставай катэгорыі 6 – 12 гадоў перамагла малодшая група ўзорнай вакальнай студыі “Тоніка” ЦДіМ. На ІІ месцы – два пераможцы: вакальныя групы з СШ № 1 г. Докшыцы і “Канфеці” з Крулеўшчынскай СШ. ІІІ месца – у дуэта з Бягомльскай СШ у складзе Ганны Алісёнак і Яна Марцінкевіча. Ва ўзроставай катэгорыі 13 – 18 гадоў І месца ў старэйшай групы ўзорнай вакальнай студыі “Тоніка” ЦДіМ, ІІ месца — у крулеўшчынскіх спевакоў з вакальнай эстраднай студыі “Зоркапад” ЦДіМ, трэцімі сталі дзяўчаты з СШ № 1 г. Докшыцы Алена Шугальская і Марыя Павялок, якія аб’ядналіся ў дуэт.
Харэаграфія
Менш удзельнікаў было ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць”. Вельмі шкада, што юныя аматары танцавальнага жанру ў сваім рэпертуары мала звяртаюць увагу на нацыянальную культуру краіны, а таму ў падраздзеле “Народны танец” першае і адзінае месца атрымаў калектыў “Зорачка” райЦДіМ. У “Сучаснай харэаграфіі” ва ўзроставай катэгорыі 6 – 12 гадоў першае месца прысуджана малодшай групе харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз” ЦДіМ, другое – калектыву “Зорачка” Барсукоўскай СШ. Ва ўзроставай катэгорыі 14 – 18 гадоў першае месца ў старэйшай групы харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз” ЦДіМ, другое – у дзяўчат з Глінскай СШ, калектыў якіх называецца “Littlebig”.
Мастацкае слова
Сваё ўменне зацікавіць слухача выразным і прыгожым чытаннем (у асноўным, вершаў) дэманстравалі канкурсанты ў намінацыі “Тэатральная творчасць”. Лепшымі дэкламатарамі ва ўзроставай катэгорыі 6 – 9 гадоў сталі вучаніца СШ № 2 г. Докшыцы Яна Модаль і вучаніца СШ № 1 г. Докшыцы Настасся Навумчык, якія адзначаны І месцамі. Марыя Наско з Тумілавіцкай СШ адзначана ІІ месцам. Ва ўзроставай катэгорыі 10 – 13 гадоў І месца ў вучаніцы СШ № 2 г. Докшыцы Віялеты Будзько, ІІ-е – у вучаніцы СШ № 1 г. Докшыцы Валерыі Гмырак. На ІІІ месцы апынуліся Яфім Каляда з Сітцаўскай СШ і Макар Янковіч з Валкалацкай СШ. Сімпатыяй журы адзначана літаратурная пастаноўка Парплішчанскай СШ. Ва ўзроставай катэгорыі 14 – 18 гадоў перамагла вучаніца Тумілавіцкай ДССШ Настасся Шнітко. На другім месцы – Дзмітрый Кальчынскі з Параф’янаўскай СШ, на трэцім – Лізавета Яцкевіч з Бягомльскай СШ.
Канферанс
У конкурснай праграме таксама быў адзначаны канферанс: свае выступленні ў кожнай намінацыі ўдзельнікі злучалі ў адной праграме. Так, лепшымі вядучымі абраны дуэт Крулеўшчынскай СШ Лізаветы Міхмель і Уладзіслава Навіцкага. На другое месца трапілі Дзмітрый Кальчынксі і Вікторыя Лапко з Параф’янаўскай СШ, а таксама Кацярына Крук і Андрэй Камінскі з Парплішчанскай СШ. Трэцім месцам адзначаны дуэты Настассі Навумчык і Данііла Буглака (СШ № 1 г. Докшыцы), Ганны Яцкоўскай і Аляксандра Падбярэзскага (СШ № 2 г. Докшыцы), Юліяны Палідавец і Мікіты Вайцяховіча (раённы Цэнтр дзяцей і моладзі).
Пераможцы “Юных талентаў” будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу, які пройдзе ў Наваполацку. Там жа будуць падведзены вынікі і выставы-конкурсу выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Казачны свет”, а таксама конкурсу буктрэйлераў “Казка booktrailer”.
Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.
[nggallery id=148]