Владислав Труханов — современный исследователь прошлого Докшиччины
Яшчэ год таму ўстанова “Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда” сталі ініцыятарамі Рэспубліканскага конкурсу творчых і навукова-даследчых работ “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”, які быў прымеркаваны да Года культуры Беларусі. У снежні 2016-га, калі былі падведзены вынікі, стала вядома, што сярод пераможцаў Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “З гісторыі роднага краю” адзначаны былы выпускнік СШ № 1 г. Докшыцы, а зараз – студэнт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ Уладзіслаў Труханаў.
– Паўдзельнічаць у такім цікавым конкурсе мне прапанавала мая любімая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына Вінальеўна Казлоўская, – дзеліцца ўспамінамі Улад. – На сайце арганізатараў мы з ёй пазнаёміліся са зместам і ўмовамі мерапрыемства і вырашылі правесці навукова-даследчую работу па тэме “З гісторыі роднага краю”. Трэба было толькі выбраць славутую асобу, якая нарадзілася на Докшыччыне. Варыянтаў было некалькі: Алесь Ставер, Пімен Панчанка, Нестар Сакалоўскі і Леаніла Чарняўская. Я цалкам даверыўся Марыне Вінальеўне, якая параіла Чарняўскую. Узяўся за працу… і зразумеў, што нічога пра яе не ведаю, акрамя таго, што яна жонка Максіма Гарэцкага і родам паходзіць з Таргуноў. Звярнуліся да вучняў нашай школы з гэтай жа вёскі, каб тыя апыталі мясцовых старэйшых жыхароў. Але гэта нам нічога не дало. Прачыталі пэўную літаратуру, крыху інфармацыі знайшлі ў энцыклапедыях, штосьці – у раённай газеце “Родныя вытокі”. Маю даследчую работу падтрымала кіраўніцтва школы, якое ў вольны час дазваляла працаваць у пакоі школьнага музея ці кабінеце інфарматыкі. Мной былі прагледжаны віленскія газеты за 1919 – 1921 гг., у якіх я знайшоў тры цікавыя артыкулы пра сям’ю Гарэцкіх і нават пра іх беларускае вяселле. Таксама ездзіў у Мінск, у Таварыства беларускай мовы, дзе сабраў пэўную інфармацыю.
Далей прыйшла дапамога, адкуль і не чакалі: на кантакт выйшлі сведкі і дзеці сведкаў жыцця Леанілы. У 1910 годзе Чарняўская працавала настаўніцай у вёсцы Залессе на Дзісненшчыне (цяпер – Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Там жа на той час жыла прабабуля Марыны Вінальеўны – Хрысціна, якая ў свой час была пакаёўкай Леанілы Усцінаўны, ці Лёлі (так яе ласкава называлі ўсе знаёмыя). З успамінаў бабулі і прабабулі даведаліся пра цёплыя адносіны навакольных людзей да настаўніцы, пра тое, што яна была вельмі добрым і спагадлівым чалавекам.
Шмат гістарычных фактаў сабрала ў свой час былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таргуноўскай школы Ганна Парфенаўна Корсак, якая таксама вельмі дапамагла нам у напісанні работы. Дапамагала ў зборы інфармацыі раённая дзіцячая бібліятэка.
Столькі цікавых успамінаў – проста рай для даследчыка. Вельмі шкада, што нашы сучаснікі ведаюць Леанілу Чарняўскую толькі як жонку Максіма Гарэцкага. Але ж яна заслугоўвае ганаровага месца ў літаратуры не менш чым муж, бо з’яўляецца першай беларускай дзіцячай пісьменніцай, якая выдала для дзяцей беларускамоўную чытанку. У 20-30-ыя гг. мінулага стагоддзя яе ведалі не толькі як жонку вядомага мастака слова, але і як таленавітага аўтара шматлікіх празаічных твораў для дзяцей і дарослых, перакладчыка і прафесійнага настаўніка.
Дыплом, кнігу Анатоля Статкевіча-Чабаганава пра летапіс беларускай шляхты “Я – сын Ваш” і грашовую прэмію Уладзіслаў Труханаў атрымаў у роднай школе падчас сёлетняга навагодняга мерапрыемства. Яго даследчая праца “Жыццё і творчасць Леанілы Чарняўскай” захоўваецца ў школе.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Уладзіслаў Труханаў разам з настаўніцай Марынай Вінальеўнай.
Фота са школьнага архіва.