Боевые годы молодости докшичанина Алексея Смирнова

img_6104Падпалкоўнік у адстаўцы Аляксей Смірноў (на здымку) прысвяціў ваеннай службе 30 гадоў і лічыць дату 23 лютага галоўным святам. Службу ў арміі ён пачынаў у далёкім 1956 годзе ў Барысаве.

– У першыя ж дні нас, беларускіх салдат, пачалі адпраўляць эшалонамі на цаліну ў Казахстан, – расказвае Аляксей Цярэнцьевіч. – На ўборцы ўраджаю прабылі аж да лістапада. Затым была служба ў танкавым палку ва Уладзіміры, дзе на працягу года асвойваў пасаду камандзіра танка. Вучыўся ў Горкаўскім радыётэхнічным вучылішчы войск суп­рацьпаветранай абароны краіны. Усе гады службы былі напружанымі, але ніводнага разу я не пашкадаваў, што так склаўся лёс. Наадварот, вельмі ганаруся, што частку жыцця прысвяціў высакароднай справе.

СССР быў магутнай дзяржавай, адпаведнымі былі і яго Узброеныя Сілы. Краіна выйграла Другую сусветную вайну, але і пасля яе заканчэння на працягу многіх дзесяцігоддзяў выконвала міратворчую місію ў краінах, якія выбралі дэмакратычны шлях развіцця. Савецкая Армія дапамагла аднавіць Кітай, вызваліла Маньчжурыю ад японцаў, у 60-я гады аказвала дапамогу Афрыцы і Сірыі. У 1968 годзе мне пашчасціла пабываць у Пекіне. Давялося служыць і ў В’етнаме, дзе, выконваючы баявыя задачы, мы, група савецкіх спецыялістаў, дзяліліся вопытам з в’етнамцамі, як правільна эксплуатаваць і рамантаваць зенітна-ракетныя комплексы.

Шмат давялося пабачыць за ўсю ваенную кар’еру. І дай бог, каб наша сучасная моладзь пераняла толькі самыя лепшыя якасці старэйшага пакалення, была мужнай, адважнай, гатовай у любы момант абараніць сваю Радзіму ад ворагаў.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *