Леонид Коростик из Докшицкого района считает, что каждый мужчина должен служить в армии

img_9515Леанід Каросцік, ляснік Параф’янаўскага лясніцтва (на здымку), ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у райцэнтры аказаўся невыпадкова. Ён адзін з тых, хто адчуў пах вайны, страціў сяброў, але змог выжыць, жыць далей і зараз упэўнены ў тым, што служыць у арміі павінен кожны мужчына: “Я і юнакам заўжды паўтараю і калегам сваім маладзейшым. А як жа інакш, няўжо нас тады будуць абараняць бабулі і дзядулі? Хто, калі не мы?”

Позву з ваенкамата юнак са Свіркоў атрымаў акурат у дзень свайго 18-годдзя – 16 лістапада 1986 года. За плячыма былі Параф’янаўская школа, вучоба ў вучылішчы ў Вілейцы, у кішэні – правы трактарыста-машыніста. З юнацкай апантанасцю і велізарным пачуццём патрыятызму Лёня ўспрыняў гэта як чарговы этап сталення, неабходны кожнаму мужчыне. Падтрымаў яго і бацька. А ў маці, у якой ён быў старэйшым з трох сыноў, стала адразу дужа трывожна на сэрцы. “Толькі б не туды…”, – шаптала яна цішком, баючыся вымавіць назву месца, дзе ішла вайна…

– Амаль адразу зразумеў, што патраплю ў 40-ю армію, якая ўваходзіла ў склад Абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане. Здаецца, нічым асаблівым не вылучаўся, хіба што не курыў і быў спартыўным. Можа, гэта пасадзейнічала, не ведаю. У вучэбку ў Ашхабад цягнік вёз хлопцаў з усіх савецкіх рэспублік восем сутак. Ужо на месцы нас падзялілі на розныя ваенныя спецыяльнасці. Мяне – на вадзіцельскую. Новыя БМП-2, якімі вучылі кіраваць, уражвалі сваёй манеўранасцю ў горных умовах. Мы выконвалі шмат практыкаванняў, частымі былі начныя трэніроўкі. Але не толькі гэтай справе вучылі хлопцаў, сярод якіх я быў адным з самых маладых. Нам расказвалі, як выжываць ва ўмовах іншага клімату, чаго ні ў якім разе нельга рабіць, каб не абразіць мірнае насельніцтва мусульманскай краіны, як засцерагацца ад інфекцыйных захворванняў пры пастаянным дэфіцыце пітной вады і многае іншае.

Паўгода падрыхтоўкі падыходзілі да завяршэння, і толькі тады Леанід рашыўся прызнацца родным, што хутка іх перакі­нуць у Афганістан.

– Уяўленне пра тое, што такое вайна, я меў толькі па кніжках. І гэты былі карцінкі ўзрываў, акопаў. Калі ж пасля вучэбкі на ваенным самалёце нас перакінулі ў Кабул, упершыню адчуў, што ў вайны ёсць пах. Мы бачылі самалёты, тэхніку, а ў паветры стаяў той самы пах вайны, які словамі не перадасі. Ведаеце, потым нешта падобнае ўбачыў толькі ў фільме “9 рота”. Раю яго паглядзець моладзі.

У Кабуле хлопцы прабылі некалькі гадзін і паляцелі далей у Джэлалабад. Ужо там Леанід трапіў у 1-ю роту 1-га батальёна 66-й дэсантна-штурмавой брыгады, якая дыслацыравалася ў правінцыі Нанганхар на мяжы з Пакістанам.

– Дзесьці праз месяц размеркавалі на заставу. Патрапіў туды разам з башкірам Робертам Марданавым, з якім пасябравалі з першага дня вучэбкі і былі побач да завяршэння службы. А яна, між тым, ішла круглыя суткі, асабліва цяжка было ноччу. Што вам сказаць? Мы не проста, як пішуць у кніжках, набіраліся мужнасці. Хлопцы едуць на звычайную праверку кішлакоў і трапляюць пад двайны фугас. Вяртацца назад няма каму…

На заставе прабыў год, да мая 1988, калі пачаўся першы этап вываду войскаў з Афганістана. Кожную гадзіну – праверка, кожныя дзве – прастрэл. Жылі аўтаномна, быт ладзілі самастойна. Дзень – сонца, спякота, вечарам – цемра і ўсё навобмацак. Вакол экзатычныя расліны, фрукты, ну і дзікабразы, шакалы, лісы, змеі, розныя ядавітыя насякомыя. Мясцовае насельніцтва жыло бедна. Мужыкі – у гарах, жанчыны шмат працавалі на зямлі, хлопчыкі з маленства прывучаліся да ваенных умоў. Нас часта накіроўвалі на суправаджэнне грузаў да горада — вось дзе патрэбна была пільнасць! Адзін недакладны рух кіроўцы ў бок ад размініраванай паласы ці па горнай дарозе – і ўсё…

Леанід прызнаецца, што выжыць яму дапамагла адзіная рэч – правільны настрой:

– З першых дзён, як я патрапіў туды,  не паддаўся паніцы, бо цвёрда запэўніў сябе, што прыехаў не паміраць і абавязкова вярнуся дадому жывым. З гэтым адчуваннем прайшла ўся служба.

– Калі вярнуўся на Параф’янаўшчыну, вырашыў застацца на роднай зямлі. Уладкаваўся ў будбрыгаду калгаса “Чырвоны сцяг”, дзе адпрацаваў дзесяць гадоў. Затым працоўны шлях прывёў у Бягомльскі лясгас. Я чалавек ад зямлі. Лес люблю з дзяцінства. Тое багацце, якое мы з яго атрымліваем, – рэч неацэнная. Сямнаццаць гадоў я ў лесе, і іншага лёсу сабе не жадаю. Душа радуецца, калі назіраю за гнуткімі парасткамі маладых дрэўцаў, якія год ад году набіраюць моц. На бацькоўскай сядзібе ўладкаваў сад, развёў вінаград, увесь час эксперыментую з раслінамі, з захапленнем чакаю новага ўраджаю. Лёс увогуле вядзе мяне пад шчаслівай зоркай: сям’я і родзічы – побач, а паўгода таму стаў дзедам. Што да ўспамінаў пра той час, то яны былі і будуць заўсёды са мной, галоўнае — не зламацца. Калі Афганістан падарыў жыццё, то яго трэба пражыць як след.

Наталля НАВІЦКАЯ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *