Энтузиастка из сталинского поколения живёт в Докшицком районе

img_6076Адзін са станоўчых момантаў сацыялістычнага мінулага нашай краіны – яе людзі. Іх тагачасны энтузіязм, працоўны запал і самаахвярнасць у імя сацыялістычных ідэалаў заслугоўваюць павагі. Яны шчыра верылі ў камуністычнае заўтра, набліжалі яго, як маглі, і дзякуючы той загартоўцы не страцілі любоў да жыцця і сёння. 

Старажытны горад Мурам

Мурам – маляўнічы расейскі горад, размешчаны на высокім беразе ракі Ака. Гэта радзіма рускага асілка Ільі Мурамца, праваслаўных святых Пятра і Фяўронні. Да рэвалюцыі Мурам меў чатыры манастыры, мноства храмаў. У горадзе жыло шмат багатых купцоў. Гарадскія вуліцы ўпрыгожвалі купецкія двухпавярховыя драўляныя дамы, аздобленыя карункавымі шалёўкамі. Што ні будынак, то ўзор драўлянага дойлідства. Праз дзесяць гадоў пасля рэвалюцыі ў Мураме, у шматдзетнай сям’і машыніста паравоза і хатняй гаспадыні, нарадзілася дзявятае дзіця. Дзяўчынку назвалі Лідай. Горад ужо быў не тым. Многія храмы зачынілі, купцоў не было, як і Бога таксама. Пра гэта ў хуткім часе растлумачылі піянерцы Лідзе ў школе. Яе пралетарская сям’я атэістычнае існаванне ўспрыняла спакойна, але і Бога не ганьбіла. Ліда ж была ўсюды наперадзе, як і ўся тагачасная моладзь. Калі казалі «трэба», яна давала згоду. На стале прысмакі не стаялі, апраналіся сціпла, а энтузіязм у маладых быў бязмерны. Сорамна было не пайсці разам з усімі на чарговы суботнік — якія ладзіліся, у прынцыпе, у кожны выхадны дзень. Ліда разам са сваімі аднагодкамі шчыра верыла, што ёй пашанцавала нарадзіцца ў самай лепшай, самай справядлівай у свеце краіне, і калі што здарыцца, то таварыш Сталін нікога не дасць у крыўду.

Таму з пачаткам вайны страху вялікага не было. Прысутнічала ўпэўненасць, што гэта ненадоўга і хутка вораг будзе разбіты. Страх асцярожнымі крокамі пачаў падкрадвацца да сэрца, калі горад запоўнілі параненыя. Пад шматлікія шпіталі аддалі нават школы. Лідзіна старэйшая сястра, якой споўнілася 16 гадоў, пайшла вучыцца на трохмесячныя курсы медсясцёр, а Ліду ўзялі на танкабудаўнічы завод. Каб дастаць да станка, яна падстаўляла скрынку, бо росту была невялікага, ды і гадоў мела толькі чатырнаццаць.

Тое, што немец да Мурама не дойдзе, верылі ўсе, баяліся толькі бамбёжак. Дзіўна, але і іх не было. Фашысцкія самалёты абляталі горад, і Мурам, які знаходзіцца за 300 кіламетраў ад Масквы, так і адстаяў да канца вайны не разбураным, захаваўшы сваю шматвекавую прыгажосць. Тады казалі, што гэтаму цуду мурамцы абавязаны графіні Уваравай, чый багаты маёнтак размяшчаўся паблізу горада. Яна была ці то раднёй, ці то каханкай ледзь не самога Гітлера, а мо якога з яго генералаў. Марыла вярнуцца на радзіму, таму і папрасіла высокіх апекуноў быць літасцівымі да горада. Як бы там ні было, а багатая спадчыннасць графіні ўпрыгожвае сёння музеі Мурама.

Вайна прынесла ў сям’ю Ліды шмат гора: загінулі многія з радні. Яна ж пасля Перамогі скончыла сямігодку і неўзабаве сустрэла сваё каханне на ўсё жыццё, якое і прывяло яе ў разбураную вайной Беларусь.

Бягомль – другая радзіма

Бравы маёр Лука Юхнавец прыбыў у Мурам у складзе 108-га запаснога палка. Часць была паветрана-дэсантнай, таму на рахунку самога маёра налічвалася 100 скачкоў. Перад такім адважным хлопцам Ліда не ўстаяла. Яны хутка ўзялі шлюб і паехалі на Далёкі Усход. У 1956 годзе маёр Юхнавец трапіў пад скарачэнне і пайшоў у адстаўку. Месцам жыхарства для сваёй сям’і, у якой ужо было двое дзяцей, выбраў сваю малую радзіму – вёску Пугачова, што на Бягомльшчыне.

– Столькі гадоў прайшло, а я добра памятаю той жах, які агарнуў мяне, калі ўбачыла, дзе нам давядзецца жыць, – дзеліцца сёння ўспамінамі Лідзія Васільеўна. – Галеча страшэнная. У большасці сваёй людзі жылі ў зямлянках ці нейкіх халупах. Хатка, куды прывёз нас муж, была з адным акенцам памерам з кніжку, гнілой падлогай. Праз дзіркі нават днём лазілі велізарныя пацукі. У такіх умовах жылі мая свякроў і яе дачка. Тут яшчэ і мы прыехалі. Уявіце, што адчувала я, гараджанка, былая афіцэрская жонка? Правільна, бязмерны жах. Муж пайшоў працаваць на аўтабазу, а я дома змагалася з бытам. Вяскоўцы выцягвалі жылы ад цямна да цямна ў калгасе. Мала што атрымлівалі за сваю цяжкую працу. Таму былі ўсе нейкія злосныя, нядобразычлівыя. Адным словам, гаротныя людзі. Перажылі пад немцам такую страшную вайну, а канца пакутам не бачна. Не ведаю, як доўга змагла б вытрымаць у Пугачове, але да неймавернай маёй радасці мужа хутка накіравалі дырэктарам цагельні ў Мількунь. Там далі жыллё. Я свет убачыла, а дагэтуль, здавалася, жыла ў чорнай, бруднай яме. Яшчэ больш радасці прыбавілася, калі пераехалі ў Бягомль. У ім бурліла жыццё. Былі крамы, лазня. Людзі будавалі хаты. І мы пачалі ла­дзіць сваё гняздо. Спачатку паставілі хлеў і жылі ў ім сем гадоў, пакуль будавалі дом.

Калі раён расфарміравалі, многія выехалі з гарпасёлка. Мы засталіся і не шкадавалі. Муж працаваў у аўтабазе механікам, я – у гандлёвай сетцы. Жылі, канечне, не раскошна, пакуль дзеці раслі. Бывала, і 10 капеек не мела, каб даць ім на кіно, але тады ўва ўсіх так было. Затое людзі ўмелі дружыць. Дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся апошнім. Сусед суседу хату будаваў не за грошы. Завершаць працу, сядуць павячэраць, чарку падымуць і заспяваюць. А зараз у госці не ходзяць, у складчыну сталы святочныя не робяць, кожны сам па сабе. Заможнае жыццё – гэта добра, але аддаляе людзей, робіць іх зайздроснымі.

Для Бягомля дрэнным было, калі адкрылі спіртзавод. Усе піць пачалі. А тады яшчэ камендатура свой уклад унесла. Вось і страцілі культуру. Хаця тых хлопцаў з камендатуры можна было наняць, каб па гаспадарцы дапамаглі што зрабіць, а зараз ахвотных няма, нават за грошы. Лянота людзьмі авалодала. Усё нечым незадаволеныя. То ім указ не такі, то прымус вялікі. Эх, у сённяшні час ды нашу б тую сталінскую моладзь з яе энергіяй. Горы звярнулі б!

За шэсць дзясяткаў гадоў жыцця на Беларусі Лідзія Юхнавец не забылася пра Мурам. Ведаюць свае расейскія карані і дзеці яе, і ўнукі. Неаднаразова былі на бабулінай радзіме.
Свае 90 гадоў Лідзія Васільеўна не адчувае. Яна добра выглядае, мае выдатную памяць, складае планы на будучае, а ў “кірмашовую” пятніцу прымае гасцей – шматлікіх сябровак, якія вельмі любяць наведвацца да жыццярадаснай бабулі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *