Докшичанка Елена Гаврилович была одной из ликвидаторов на Чернобыльской АЭС

dsc01360Гэты трагічны дзень у гісторыі аб’яўлены Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. Для Беларусі – гэта адна з самых трагічных дат у гісторыі: аварыя стала буйнейшай тэхнагеннай катастрофай ХХ стагоддзя. 

Былы дэзінструктар раённай санэпідстанцыі Алена Гаўрыловіч на ліквідацыі наступстваў была ў жніўні 1986-га. Забруджаная радыёнуклеідамі тэрыторыя мела вялікую патрэбу ў медыках. У адрозненні ад іншых спецыялістаў-ліквідатараў яны добра разумелі, што такое радыяцыя і яе наступствы. Таму праз жэрабя вызначылі, каму ехаць. У камандзе Докшыц яна была разам з Таццянай Шылавіч. Адправіліся на сваёй машыне, вадзіцелем якой быў Станіслаў Квач. У Хойніках іх вахта доўжылася два тыдні, потым прыехала змена. Але гэтыя 14 дзён здаліся самымі доўгімі ў жыцці.

– Горад ужо быў пусты, і ад таго станавілася жудасна, – успамінае Алена Уладзіміраўна. – Толькі медыкі і салдаты. Ваенныя мылі будынкі, асфальт ад радыяцыйнага пылу. Толькі што з гэтага? Налятаў вецер і зноў прыносіў падобны пыл. Але тады, адразу пасля аварыі, шмат назіралася такіх не зусім верных дзеянняў: вопыту ж у барацьбе з радыяцыяй не было. Мы займаліся замерам і фіксацыяй яе ўзроўню ў садавіне і гародніне. Усюды ён, канечне, перавышаў у некалькі разоў усялякія дапушчальныя нормы. Салдаты часам прыносілі на замер мяса забітай жывёлы. І, што характэрна, у ім узровень быў яшчэ вышэйшы, як, дарэчы, і ў нашых дамашніх прадуктах, якія мы прывезлі з сабою. Аказалася, бляшанка, у якой была тушонка, для радыяцыі не перашкода. Для змыву радыяцыі нам давалі спірт. Абціраліся ім, крыху прымалі ўнутр, вось і ўсе ахоўныя меры.

Каля 35 працэнтаў чарнобыльскіх выкідаў цэзія-137 на еўрапейскім кантыненце знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Гэта больш за палову ўсёй плошчы краіны. Найбольшыя ўзроўні выпаду ёду-131 былі зафіксаваны ў Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці.
Праз 100 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС, у 2086 годзе, агульная актыўнасць глебы на забруджаных тэрыторыях будзе ў 2,4 разы вышэйшай, чым у першапачатковы перыяд пасля аварыі.

Ужо колькі часу прайшло, а ўсё помніцца, як учарашні дзень. Глеба там такая добрая: чорная, тлустая, ніводнага каменьчыка ў ёй няма. Часта ішлі дажджы, цёплыя-цёплыя. Бачна было, што і людзі жылі там больш заможна. Памідоры, грушы, яблыкі, што прывозілі да нас на праверку, былі такія прыгожыя, як налітыя сонечным светам. Не верылася, што яны натуральныя, выглядалі так, быццам зробленыя з пап’е-машэ. Мы разумелі, што такімі іх зрабіла нябачная, а таму яшчэ больш жудасная радыяцыя. Збоі ў рабоце арганізму назіраліся і ў нас.

Праз год пасля вяртання з чарнобыльскай зоны Алена Уладзіміраўна перанесла інсульт. Ёй споўнілася тады толькі сорак. Зараз яна на пенсіі. Пасля смерці мужа, з якім пражылі 47 гадоў, жыве адна. Пра Чарнобыль не даюць забыць не толькі два медалі ўдзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі, але і праблемы са здароўем.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Алена Гаўрыловіч з Докшыц.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *