Рай для скворцов в Докшицком районе создал минчанин Вадим Рудков (+ ФОТО)


img_5745Бачыць вакол сябе і ствараць прыгожае – прэрагатыва роду чалавечага. І кожны з нас надзелены звыш гэтымі якасцямі. Хтосьці – у меншай ступені, а хтосьці, як мінчанін Вадзім Рудкоў, які куточак для натхнення і творчай дзейнасці знайшоў у вёсцы Ваўча ў Бягомльскім сельсавеце, – валодае гэтымі цудоўнымі магчымасцямі ў поўнай меры. І знаходзіць час для стварэння Хараства і Радасці.

Вадзім – карэнны гараджанін. Нарадзіўся і рос у Слуцку, затым перабраўся ў сталіцу. І прафесія яго, калі і прадугледжвае творчасць, то ў пэўных межах, – інжынер-тэхнолаг радыёэлектроннай апаратуры, спецыялізуецца на абслугоўванні і рамонце офіснай тэхнікі. Індусы, якія вераць у рэінкарнацыю, мабыць, пераконвалі б, што гэты чалавек у адным ці некалькіх мінулых жыццях быў мастаком або скульптарам, ці працаваў з дрэвам. Астролагі патлумачылі б яго творчыя задаткі праходжаннем пэўных планет у гараскопе пры нараджэнні. Вучоныя-біёлагі абапіраліся б на генную аснову. Думаецца, сам Вадзім аб гэтым не задумваецца, а проста робіць тое, да чаго ляжыць душа, што грэе сэрца, што радуе сям’ю – жонку Ірыну і дачушку Кацю, родных, сяброў, суседзяў, знаёмых і незнаёмых людзей.

Хатку ў Ваўчы сям’я Рудковых набыла, мо, з дзясятак гадоў таму. Як сцвярджае Вадзім Віктаравіч, не так звярталі ўвагу на стан будынка, як на тое, што вакол прыгажосць, што блізка лес і вадаём. Гэта і не дзіўна: усё больш і больш насельнікаў гарадскіх бетонных джунгляў стараюцца вырвацца з іх ціскоў на прыроду, дзе настоенае на водары траў або марознай свежасці паветра. А ў нашым раёне такіх мясцінак шмат. Рэканструявалі-адрамантавалі-мадэрнізавалі памяшканні – само сабой зразумела. А вось аздабленняў дворыка магло б і не быць: ніякай практычнай функцыі яны не выконваюць. Але дзякуючы старанням і натхнёнасці галавы сям’і з’явіліся і ператварылі куточак у месца, дзе хочацца жыць. Найперш гэта птушыны пасёлак. Дзясяткі са два шпачыных домікаў размясціліся на тэрыторыі. Ды якіх! Усе розныя і адметныя. Вось млынок, вось старажытны замак нават з пад’ёмным мостам, вось гадзіннік-ходзікі… Радуецца гаспадар, што пасялілася на яго падворку і бусліная сям’я. Яшчэ б не пасяліцца, калі «падмурак» для жытла ён зрабіў сам і з дапамогай суседа Андрэя ўмацаваў высока на дрэве. Ну а ўнізе – вочы разбягаюцца: замкі і храмы, зробленыя на аснове высокіх пнёў ад зрэзаных аварыйных дрэў, вясёлы селянін на возе, пазітыўна-яркі пеўнік, сімпатычны ахоўнік-сабачка з бярозавых паленцаў і вяроўкі… Нават садовыя дарожкі крэатыўныя, у форме чалавечых слядоў.
Уражвае і месца для адпачынку: самаробная мэбля з цэльнага дрэва, прыгожы навес, каменная дэкаратыўная кладка.
Выдатнае пачуццё гумару творцы цешыць надпісам на драўлянай шырокай лапаце “Меню: шашлык”, запрашэннем пры ўваходзе, дзе малюнкам паказана, што тут будуць рады бачыць і дарослых, і дзяцей, і нават сабак з катамі. Звычайная, здавалася б, сметніца тут зроблена таксама з фантазіяй: з цэльнага дрэва, на колах, з накрыўкай, якая падымаецца пры дапамозе грузу на лябёдцы.



img_20170406_114547
Вадзім Віктаравіч распавядае, што некаторыя ідэі чэрпае ў Інтэрнэце, а многае са зробленага – уласная прыдумка. На пытанне, дзе знаходзіць час на такі карпатлівы занятак, адказвае, што калі моцна “загарышся” якой справай, то час для яе заўсёды знойдзеш. Ва ўсякім разе, у вёску Рудковы імкнуцца прыязджаць ледзь не кожныя выхадныя. І вяскоўцам прыемна ад такога суседства: чаму не, калі людзі харошыя, калі хатка атрымала новае жыццё, цешыць вока, а не навявае сум сваім закінутым выглядам. А яшчэ няўрымслівы творца плануе заняцца садаводствам. Тэрыторыя, на якой будзе закладвацца сад, ужо падрыхтавана, абгароджана. Сад гэты, верыцца, абавязкова заквітнее ў хуткім часе, і зазвіняць у ім шпачыныя галасы і загудуць у пялёстках яблыневых кветак нястомныя пчолы.
Калі давядзецца пабываць у Ваўчы, зайдзіце да Рудковых, на вуліцу Зарэчную: патрапіце ў казку і надоўга падымеце настрой.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара, А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *