Светлана Лавринович — опытный повар в системе общественного питания Докшицкого района
Святлана Лаўрыновіч – выдатны майстар сваёй справы. Яна найбольш вопытны кухар у сістэме грамадскага харчавання спажывецкай кааперацыі. Зараз Святлана Міронаўна працуе ў піцэрыі “Смак”, наведвальнікі якой самага высокага меркавання пра кулінарнае майстэрства кухара. З яе прыходам на гэту пасаду прыкметна павялічылася колькасць ахвотных тут падсілкавацца. Акрамя страў, Лаўрыновіч выпякае яшчэ шмат піражкоў, піцы і іншай прадукцыі, якая рэалізуецца праз гандлёвую сетку грамадскага харчавання. У сакавіку тэмп росту па выпуску ўласнай прадукцыі піцэрыяй “Смак” склаў 126,9 працэнта.
— Святлана Лаўрыновіч – гэта прыклад для маладых у тым, як трэба ставіцца да сваёй прафесіі, — сцвярджае начальнік аддзела грамадскага харчавання райста Ганна Палячонак. – Працавіты, прыстойны, сумленны работнік, на якога можна ва ўсім пакласціся. Два разы паўтараць ёй не даводзіцца: яна ўсё бачыць сама. Гэта чалавек слова і справы. Рыхтуе сабе змену, вучыць маладых сакрэтам кухарскага майстэрства. За сваю шматгадовую, добрасумленную працу не раз адзначалася кіраўніцтвам: мае шэраг грамат і падзяк.
З цестам Святлана Міронаўна працуе больш за трыццаць гадоў, пасля таго, як закончыла вучылішча харчавікоў у Мінску і ўладкавалася на адзін са сталічных хлебазаводаў. У Докшыцы пераманілі мужа, паабяцаўшы кватэру, а куды іголка, туды і нітка. Галава сям’і ўладкаваўся ў ПМК-52, а грамадскае харчаванне набыло цудоўнага кандытара, менавіта такую кваліфікацыю атрымала Святлана пасля заканчэння вучылішча. Пачынала працаваць у Докшыцкім рэстаране. Да сённяшняга ўдзячна высокакласнаму кухару Ларысе Фаміной за навуку.
Зараз Святлана Міронаўна на пенсіі. Кожны год збіраецца развітацца з працай, бо стаяць на нагах за плітой практычна ўвесь рабочы дзень справа далёка не з лёгкіх. І кожны год паддаецца на ўгаворы кіраўніцтва папрацаваць яшчэ крыху, бо пакуль па ступені прафесійнага майстэрства Лаўрыновіч замены няма.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: некалькі хвілін – і ва ўмелых руках Святланы Лаўрыновіч фармуецца чарговая піца.
Фота аўтара.