Ученики Крулевщинской СШ побывали в гостях у известного скульптора Ивана Миско

misko

У майстэрні-музеі скульптара Івана Міско.

Гасцяванне ў скульптара

Шмат уражанняў пакінула чарговае экскурсійнае падарожжа ў сталіцу крулеўшчынскіх вучняў. Яго пачаткам стала знаёмства з народным скульптарам Іванам Міско. У сваёй майстэрні-музеі нас сустрэў прыветлівы гаспадар, цікавы расказчык і суразмоўца, які раскрыў амаль усе таямніцы свайго жыцця і творчасці.
Жыццёвы шлях Івана Міско пачаўся на Слонімшчыне. У дзяцінстве ён захапляўся маляваннем. Паступіў у мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. Аднойчы ён ўбачыў, як пад чулымі пальцамі скульптара ажывае гліна, якая ператвараецца ў аб’ёмны малюнак. Гэта ўразіла маладога мастака і вызначыла яго будучыню. Вось ужо каля 60 гадоў Іван Акімавіч займаецца скульптурай.
Майстэрня-музей Івана Міско – гэта месца, у якім выношваюцца задумкі, нараджаюцца новыя работы. На паліцах – скульптурныя партрэты касмічных падарожнікаў. Іх твары прасякнуты нейкай асаблівай прыцягальнай сілай. Бронзавыя статуі – увасабленне непазнанага Космасу. А яшчэ ёсць эцюды, малюнкі, медалі, нават маскі-адліўкі некаторых касманаўтаў, іх аўтографы.
Менавіта бюст Юрыя Гагарына распачаў цэлую галерэю партрэтаў герояў космасу розных краін, у тым ліку і беларускіх: Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага.
Касмічная тэма – не адзіная ў творчасці Івана Міско. Ён стварыў нямала партрэтаў прадстаўнікоў самых розных прафесій.
На развітанне Іван Якімавіч падарыў нам кнігу-альбом з фотаздымкамі сваіх работ. Пакідаючы гэта дзіўнае месца, мы адчувалі, што сустрэча з таленавітым скульптарам нас духоўна ўзбагаціла, натхніла на стварэнне прыгожага.

Маўклівыя сведкі мінулых эпох

Наступная кропка нашага маршруту – музей землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ. Гэта адзін з лепшых музеяў ВНУ Беларусі. Тут сабраны адзіныя ў сваім родзе калекцыі дзіўных, непаўторных мінералаў, горных парод і палеанталагічных экспанатаў. Мы азнаёміліся з экспазіцыяй музея, пачулі шмат цікавых і займальных фактаў пра мінералы, пазнаёміліся з гісторыяй развіцця жыцця на Зямлі, а таксама ўбачылі маўклівых сведкаў мінулых геалагічных эпох.
Калекцыйныя фонды музея налічваюць больш за 20 тысяч экспанатаў.
Асабліва нас уразілі самацветы, каралы, ракавіны. Гонарам музея з’яўляюцца фантастычныя крэмні, калекцыя агатаў, сонечны бурштын, якія выклікаюць здзіўленне і захапленне.
Потым нас чакаў Дзяржаўны музей гісторыі Рэспублікі Беларусь. Шмат звестак пачулі мы ў ім пра Узброеныя Сілы нашай незалежнай дзяржавы, Герояў Беларусі і іх подзвігі. Найбольш зацікавіла выстава ўзораў узбраення былой Савецкай Арміі і сучасных Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
А пасля завяршэння экскурсій мы наведалі батутны цэнтр, дзе атрымалі вялікі запал бадзёрасці і весялосці. Дзякуючы нашым ініцыятыўным настаўнікам Наталлі Рандарэвіч і Галіне Камянецкай мы зноў з карысцю правялі свой вольны час.

Удзельнікі экскурсіі Андрэй КОСЦІН
і Яўген МАЛЬЧОНАК,
вучні Крулеўшчынскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *