В холодной бане помыться — заново на свет родиться

bez-imeni-1Леакадзія Антонаўна адчувала сябе кепска. Прычым настолькі, што нават няўважліва сачыла за сюжэтам любімай тэлеперадачы “Паненка-сялянка”. Прычынай нервовага стану паважанай кабеты сталі недаравальныя паводзіны мужа Пятра Іванавіча. Мінула тры гадзіны, як ён, заціснуўшы пад пахай венік, паклыпаў у гарадскую лазню і …прапаў. Канечне, Пятро ніколі хутка адтуль не вяртаўся, але ж не да такой ступені! А ўсё гэта дурнота мужыцкая пад назвай “пасядзець з сябрамі”. Не, не за чаркай, а з венікам у парылцы. Прыходзіць іншы раз з лазні, як з таго кірмашу. Усе плёткі прынясе гарадскія. Дзе новага начальніка прызначылі, а ён адразу нос задзёр і не думае, дурненькі, што чым вышэй лезеш, тым больш балюча будзе валіцца адтуль. Вось тады нос і падрапаеш. Перамыюць косці жонкам, павыхваляюцца адзін перад адным, дадуць парады ўсім прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам, а то тыя ж недасведчаныя, у іх не запыталіся, як рабіць правільна. На гэтай думцы Леакадзія Антонаўна адчула лёгкі паварот ключа ў замку. Прыйшоў! Ну я ж яму! Але, убачыўшы цёмны, як хмара, твар мужа з падцятымі вуснамі, вырашыла з расправай крыху пацярпець, а то можна як мусе ў сыраватку ўскочыць у сварку. Пятро Іванавіч жа моўчкі прасунуўся на кухню, сеў за стол. Калі перад яго носам з’явілася талерка, гэтак жа моўчкі ўзяў у руку лыжку. І тут розум Леакадзіі Антонаўны даў маху перад яе жаноцкай існасцю. Не вытрымала, піснула з дакорам: “Трэці раз грэю, пакуль ты парыўся”. Лепш бы яна гэтага не казала, бо без аніякай прычыны стала вінаватай ва ўсім, што адбылося з Пятром Іванавічам у той дзень.
Лазня для былога адказнага работніка, а зараз ужо пенсіянера са стажам, і яго такіх жа сяброў – гэта не проста мыйнае месца, гэта – святое! Некалі ў ёй мыўся ўвесь горад. А потым сталі будаваць асабнякі з асабістымі лазнямі, у некаторых шматпавярховіках з’явілася гарачая вада. Рады наведвальнікаў паменшыліся. Але ці можна параўнаць плёханне ў ванне ці пад душам з лазняй? Ні ў якім разе, і таму аматараў пары яшчэ хапае нягледзячы на высокія цэны за мыйныя паслугі.

– Ты б толькі бачыла, як мы сёння мыліся, – крыху пацішэў Пятро Іванавіч, пасля таго як выплюхнуў першы гнеў на сужэнку. – Сабраліся з мальцамі як заўсёды. Чалавек з дзясятак прыйшло пад першую пару. Толькі дзе яна? Няма. У парылцы пара з роту толькі што не ішла ад холаду. Вада летняя. Але што рабіць? Распрануліся, трэба ж неяк мыцца. Намыліліся, абураемся, за што 5 рублёў плацім. І тут гляджу: Сцяпанавіч, дзядуля наш старэнькі, падслепаваты, з якога мы жартуем, што, пэўна, памятае, як Напалеон Докшыцы паліў, падыходзіць да крана, налівае ў тазік вады, а потым адразу вылівае, і так некалькі разоў. Думаю: што гэта ён робіць? Пайшоў сам. І тут — людцы, ратуйце! — вада ў кране зусім халодная! Паднялі мы вэрхал. Прыбег лазеншчык, паабяцаў, што нешта зараз уключыць, дык, магчыма, пацяплее. Што ўклю­чыць, дзе, чаму раней гэтага зрабіць было нельга? Адным словам, не дачакаліся мы таго пацяплення, пайшлі апранацца. Прасядзелі гадзіны са дзве ў прылазніку, абмяркоўваючы сітуацыю. Прыйшлі да высновы, што ўсё, Лёня, канец нашай лазні. Тут і да варажбіткі не хадзі. Кажуць, што гэта не першы выпадак з халоднай вадой, і начальства ведае, але ж нічога не робіць. Чаму, скажаш? А таму, Лёнечка, што лазня стратная, трымаць яе нявыгадна, нагадвае пра былыя савецкія раскошы. Таму вырашана нас выкурыць з лазні халоднай вадой, калі высокага кошту не спужаліся. Тады лазню ліквідуюць як паслугу, якая не карыстаецца попытам. Нясі, паважаная Леакадзія Антонаўна, каньячку, грэцца буду пасля лазні і хаўтуры па ёй спраўляць.

Мікола ПААЗЕРСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *