«Ярмарка вакансий» прошла в Докшицах

copy-of-izobrazhenie-009У пятніцу, 7 красавіка, да шэрагу раёнаў Віцебшчыны, у якіх праходзяць кірмашы вакансій, далучыўся Докшыцкі. Сустрэчу работадаўцаў і кандыдатаў на вакансіі арганізавала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Мерапрыемства праходзіла на другім паверсе ў фае Гарадскога цэнтра культуры г. Докшыцы.

Сярод ахвотных працаўладкавацца было значна больш мужчын, чым жанчын. У асноўным яны цікавіліся рабочымі спецыяльнасцямі. Кадравікі запісвалі каардынаты ахвотных на вакансію, запаўнялі анкету. Наступны этап – сумоўе з кіраўніком, якое пройдзе непасрэдна ў арганізацыях.
Шмат ахвотных было ўладкавацца ў будаўнічую брыгаду, якую ДП “Гняздзілава-Агра” збірае на сезон летніх рамонтаў сваіх вытворчых аб’ектаў. Гэтаму сельгаспрадпрыемству, як дарэчы і практычна ўсім астатнім, заўжды патрабуюцца вузкапрофільныя спецыялісты: ветурачы, заатэхнікі, аграномы, інжынеры, юрысты. На жаль, прэтэндэнты на названыя пасады на кірмаш не наведаліся.
Не надта ахвотна беспрацоўныя разглядалі і варыянты работы загадчыкам МТФ ці аператарам машыннага даення, разам з тым іх цікавіла пытанне прадстаўлення службовага жылля. А вось працаўладкавацца вадзіцелем хацелі многія. Падрабязна распытвалі пра патрэбныя катэгорыі кіравання, дэманстравалі пасведчанні. ААТ “Барсучанка” знайшло кандыдата на вакансію электразваршчыка.
Жанчыны ў большасці пыталіся пра вакансіі санітарак ці прыбіральшчыц. ЦРБ па першым запыце прапаноўвала варыянт сезонных падпрацовак (на перыяд адпускной кампаніі), а на месца прыбіральшчыцы ў адным з сельскіх Дамоў культуры прэтэндавала адразу некалькі чалавек. Зноў жа
незапатрабаванымі на кірмашы вакансій засталіся пасады ўрача, медыцынскіх сясцёр, фельчара і фельчара-лабаранта. Шмат варыянтаў працаўладкавання прадаўцамі і буфетчыкамі прапаноўвала раённае спажывецкае таварыства. ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” шукаў леснікоў і высакакласнага вадзіцеля.
Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Тулоўская, першы кірмаш вакансій, на якім 15 арганізацый і ўстаноў раёна шукала супрацоўнікаў, меў досыць вялікую цікавасць у насельніцтва і засведчыў, што ў гэтым мерапрыемстве ёсць пэўная патрэба. Усяго на далейшае сумоўе па пытанні працаўладкавання запісаліся 22 чалавекі. Зразумела, што па розных аб’ектыўных прычынах не ўсе яны будуць працаўладкаваны, хтосьці згодны на перакваліфікацыю, аднак пэўная частка, спадзяёмся, знойдзе сваё працоўнае месца. Вакансіі дынамічна абнаўляюцца, а таму ў хуткім часе падобнае мерапрыемства пройдзе зноў. Пра дакладую дату ўпраўленне праінфармуе на старонках раённай газеты.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *