Архиепископа Полоцкого и Глубокского Феодосия встретили в деревне Тумиловичи Докшицкого района
Даўно гэта старажытная вёска не бачыла такога кірмашу, які адбыўся ў ёй у мінулую суботу. Тумілавіцкія праваслаўныя вернікі адзначалі храмавае свята – Дзень памяці вялікапакутніка Георгія Перамоганосца. Духоўную радасць з імі раздзялілі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, старшыня райвыканкама Алег Пінчук, група паломнікаў з Полацка і Наваполацка (здымак 1).
Георгій Перамоганосец – адзін з самых вядомых хрысціянскіх святых. Па паданні Георгій нарадзіўся ў ІІІ стагоддзі ў г. Бейрут у хрысціянскай сям’і. Калі вырас, паступіў на службу ў рымскае войска, дзе хутка стаў вядомы сваёй храбрасцю. Здзейсніў шмат подзвігаў. За гэта быў прызначаны вайсковым начальнікам. Найбольш вядомы з яго ваенных подзвігаў знайшоў адлюстраванне ў іканапісе: паражэнне ў падножжа Ліванскіх гор змея, які жор людзей. У 303 годзе Георгій быў пакараны смерцю імператарам Дыяклетыянам, які пачаў праследаваць хрысціян.
На Русі Георгій Перамоганосец лічыцца абаронцам праваслаўнага воінства, увасабленнем воінскай доблесці і славы. Таму знаходжанне сярод паломнікаў кадэтаў Полацкага кадэцкага вучылішча, якія прысутнічалі на свяце, было невыпадковым (здымак 2).
Архіепіскап адслужыў Божую літургію ў тумілавіцкім храме, які носіць імя названага святога. Яго Высокапраасвяшчэнству дапамагалі настаяцель царквы айцец Пётр Іоська, протаіерэй Генадзь Логін і протадыякан Андрэй Скабей. Пасля літургіі вернікі разам з духавенствам, да якога далучыўся яшчэ протаіерэй Віктар Гмір, прайшлі хрэсным ходам вакол храма з прыпынкамі і чытаннем святога Евангелля. Чыталі таксама малітвы за памерлых, якія пахаваны на прыхрамавай тэрыторыі. Потым шэсце з малітвай прайшло да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь і школьнікі ўсклалі кветкі.
Калі вярнуліся ў храм, Уладыка звярнуўся да вернікаў з павучальнымі словамі. Ён гаварыў пра значнасць малітвы ў жыцці кожнага чалавека, яе духоўнай сіле, як правадніку паміж небам і зямлёй. Звярнуўся да жанчын-маці, якія павінны навучыць дзяцей малітвам. Нагадаў і аб неабходнасці захавання посту.
Потым для паломнікаў была праведзена кароткая экскурсія. Мясцовы краязнаўца, ляснічы Рыгор Пяцько, расказаў пра гісторыю храма, пра тое, як у гады ваеннага ліхалецця быў уратаваны царкоўны звон. Гэтым момантам духоўнае свята завяршылася.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.