ГАИ напоминает: с 25 мая включите ближний свет фар!
З 25 мая па 5 чэрвеня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!” У яго межах, пачынаючы з заўтрашняга дня, кіроўцы павінны рухацца ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар. У пятніцу, 26 мая, пройдзе таксама адзніны дзень бяспекі руху пад дэвізам: «Увага вадзіцелі — у школьнікаў канікулы».
За чатыры месяцы бягучага года на дарогах краіны ў 60 ДТЗ загінула чацвёра дзяцей. Яшчэ 58 атрымалі траўмы.
Мы вучым малых Правілам дарожнага руху з ранняга ўзросту, аднак не ўлічваем, што змяніўся характар вуліцы: колькасць машын, стан дарог, тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіляў. Да таго ж заўжды прысутнічае чалавечы фактар.
Нават пры рэгуліроўцы руху ў гарадах святлафорамі, зялёнае святло не гарантуе поўнай бяспекі. Пешаходы таксама павінны быць уважлівымі, бо часам кіроўцы не заўважаюць своечасова сігнал ці імкнуцца “праскочыць”, не даючы дайсці да тратуара. Імклівасць і нежаданне выконваць правілы руху, на жаль, перадумова для трагедый, ахвярамі якіх могуць стаць дзеці.
Адной з псіхалагічных прычын дзіцячага дарожнага траўматызму з’яўляецца ўзбуджаны, насычаны эмоцыямі стан малога, які могуць выклікаць адзнака ў школе, адносіны з бацькамі, аднагодкамі і іншыя прычыны. Часам, загуляўшыся, дзіця забываецца, што побач дарога, і губляе адчуванне небяспекі. А таму безнагляднасць малых яшчэ адзін важкі фактар.
Засваенне правілаў бяспечных паводзін на дарозе залежыць ад такога фактара, як асабісты прыклад старэйшых. Любая размова на гэту тэму губляе ўсялякі сэнс, калі бацькі перабягаюць дарогу акурат перад аўтамабілямі на вачах у дзяцей. Аўтарытэт і паводзіны дарослых больш важкія за ўсялякія словы і павінны стаць добрым прыкладам для дзяцей.
А. Сташэвіч,
начальнік АДАІ РАУС,
маёр міліцыі.