Любовью наполнен дом семьи Корниловичей из агрогородка Торгуны Докшицкого района
З па-філасофску глыбокімі радкамі Яўгеніі Янішчыц цалкам згодны Ліліяна і Андрэй Карніловічы з аграгарадка Таргуны. Падчас наведвання іх дружнай маладой сям’і ні на хвіліну не пакідала ўражанне, што іх светлы і ўтульны дом пранізаны не толькі сонечнымі промнямі, але і гэтым святым і высокім пачуццём.
Аб сустрэчы з Карніловічамі дамовіліся загадзя, таму ўся сям’я была ў зборы. Першай насустрач выбегла трохгадовая Маргарытка, Маргоша, як ласкава называюць яе бацькі. З ёй і пачалі знаёміцца бліжэй. Маргарытка з задавальненнем наведвае дзіцячы садок. Яна вельмі актыўная і камунікабельная. Любіць розныя гульні, маляваць (гэта перадалося ад мамы), а таксама глядзець мультфільмы. Трэба адзначыць, што бацькі да іх выбару падыходзяць адказна: у большасці сваёй гэта мульцікі, якія развіваюць і навучаюць. Таму, не ведаючы яшчэ літар, дзяўчынка ўжо спявае песенькі на англійскай мове, якія самастойна вывучыла.
Маргарыце ёсць з каго браць прыклад: яе старэйшая сястрычка Оля, чацвертакласніца, вучыцца на дзявяткі і дзясяткі. Вельмі цікавіцца гісторыяй. Наведвае заняткі ў музычнай школе па класе флейты і дадаткова асвойвае гітару. Оля – галоўная маміна памочніца: і за меншымі прыгледзіць, і за парадкам у доме.
Самы малодшы Карніловіч, Яраслаў, блакітнавокі ўсмешлівы бландзін, якому хутка споўніцца два гады, паявіўся ўрачыста: выехаў з суседняга пакоя на капоце дзіцячага аўтамабіля, якім упэўнена кіравала Маргарытка. Тэхніка дасталася ад старэйшых стрыечных братоў і сясцёр – у галавы сям’і Андрэя ёсць два браты, і ўсе яны жывуць у Таргунах.
– Самы актыўны, я сказала б, бурлівы дзень у нас – субота, – распавядае Ліліяна. – Зранку мы прыбіраем, мыем, выконваем дзясяткі спраў, да якіх не дайшлі рукі на працягу тыдня. Затым усе разам гатуем розную смакату, каб хапіла яшчэ і на нядзелю. А вечарам усе адпраўляемся да Андрэевых бацькоў – у лазню і на сустрэчу з роднымі. Трое сыноў з нявесткамі і дзецьмі – гэта вам не жартачкі. Такі рух, такі вэрхал! Але ўсе мы настолькі любім гэтыя суботнія вечары! Вялікая сям’я – здорава. Менавіта ў ёй набіраешся сіл, напаўняешся запалам радасці, цеплыні, спакою. Трое дзяцей, мне падаецца, якраз тое, што трэба.
Ліліяна працуе бухгалтарам у Тумілавіцкім сельвыканкаме, а Андрэй, па спецыяльнасці механізатар, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Спраўляецца і не разумее тых бацькоў, якія лічаць, што асноўны клопат пра дзіця павінен ляжаць на жаночых плячах.
Маладая сям’я да ўсяго яшчэ не стаіць у баку ад грамадскага жыцця. У мінулым годзе, нягледзячы на тое, што Яраслаў быў яшчэ зусім маленькі, яны ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчым праекце “Уладар вёскі” і сталі прызёрамі, а сёлета перамаглі ў раённым аглядзе-конкурсе сярод творчых шматдзетных сем’яў, што адбыўся на пачатку красавіка. Іх дэвіз “Дружная сям’я – непераможная” поўнасцю пацвердзіўся. Зараз Карніловічы рыхтуюцца прадстаўляць наш раён на абласным этапе ў канцы мая. Будзем трымаць за іх кулакі.
На пытанне, якімі асноўнымі прынцыпамі кіруюцца ў выхаванні дзяцей, і Ліліяна, і Андрэй, ні на хвілінку не задумаўшыся, адказалі: любоўю.
– Песцім, галубім, радуем чым толькі можам. У адказ і яны нам дораць столькі радасці, столькі кранальных да глыбіні душы момантаў перажываем, – разважае маладая мама. – Я ўпэўнена: бацькоўскі дом – гэта тое месца, дзе ты заўсёды будзеш сагрэты любоўю, пакуль гарыць святло ў яго вокнах.
Алена НЕСЦЯРОНАК.