Отдел образования Докшицкого райисполкома приглашает отдохнуть детей в лагеря
Летні адпачынак для дзяцей – справа вельмі важная, бо ад таго, як яны яго правядуць, залежыць настрой на ўвесь наступны навучальны год. Таму для іх працуюць розныя лагеры адпачынку, як аздараўленчыя, так і забаўляльна-спартыўныя. І тут бацькі могуць быць упэўнены, што дзеці знаходзяцца пад патрэбным наглядам. Напярэдадні летніх вакацый метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Плыгаўка расказала, як плануецца арганізаваць адпачынак для хлопцаў і дзяўчат у нашым раёне.
– Вольга Віктараўна, што збіраецеся прапанаваць бацькам і дзецям у сёлетнім сезоне?
– Плануецца, што летам будуць працаваць 30 прышкольных аздараўленчых лагераў на 500 месцаў. Акрамя гэтага, дзеці змогуць наведваць спартыўны лагер на базе ДЗЮСШ. Чакаюць іх і ў лагеры “Бярозка”. Таксама створана 80 месцаў у чатырох дзевяцідзённых платных лагерах.
Сёлета з 12 чэрвеня будуць арганізаваны пяць лагераў працы і адпачынку для 66-і старшакласнікаў у фермерскай гаспадарцы “Лайкпол-Агра”, Бягомльскім лясгасе, у рамонтных брыгадах па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі.
– Спыніцеся, калі ласка, падрабязней на тым, як будзе працаваць лагер “Бярозка”?
– На дадзены момант аддзел адукацыі займаецца ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы лагера, стварэннем камфортных умоў для знаходжання ў ім дзяцей. Дзейнасць “Бярозкі” арганізуецца ў тры змены. Першая пачне працаваць з 11 чэрвеня. Дзве наступныя – з 1 і 22 ліпеня. Трэба адзначыць, што поўны кошт пуцёўкі складае 320 рублёў 66 капеек, з іх 175 рублёў – гэта датацыя са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Для бацькоў устаноўлена частковая даплата за пуцёўку ў памеры 14 рублёў 66 капеек.
– Наколькі апраўдана арганізацыя прышкольных аздараўленчых лагераў? Ці змогуць дзеці, знаходзячыся там, адпачыць?
– Найбольш масавай формай канікулярнага адпачынку ў нашым раёне з’яўляецца арганізацыя лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе ўстаноў адукацыі. Бавячы час у іх, дзеці змогуць наведваць гурткі і секцыі, удзельнічаць у розных спартыўных і культурна-забаўляльных мерапрыемствах, развіваць свае творчыя здольнасці, атрымліваць збалансаванае харчаванне з С-вітамінізацыяй, а яшчэ максімальна знаходзіцца на свежым паветры. Нагадаю, што лагеры будуць працаваць ва ўсіх установах адукацыі. А бацькам за харчаванне трэба будзе ўнесці 7 рублёў. Хачу адзначыць, што пры планаванні арганізацыі работы лагераў асаблівая ўвага надаецца здароваму ладу жыцця. Для гэтага праводзяцца спаборніцтвы па міні-футболе, піянерболе, валейболе, спартыўныя святы “Урокі здароўя”, спартландыя “Каб вясёлым, смелым быць, трэба са спортам сябраваць”, вясёлыя старты “Дружныя-умелыя”. У першую змену ў спартыўным лагеры “Алімпіец” аздаравяцца 70 дзяцей.
– Вольга Віктараўна, ці дапамагаеце ў аздараўленні дзецям-сіротам, інвалідам, тым, хто выхоўваецца ў нядобранадзейных сем’ях?
– Безумоўна. Дзеці-інваліды адпачываюць з бацькамі ў санаторыях, некаторыя з іх наведваюць лагеры з дзённым знаходжаннем. Сёлета пяць чалавек аздаравяцца ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, пры гэтым будзе ўлічвацца ступень і характар парушэнняў і індывідуальных магчымасцей дзяцей. Выхаванцы Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната напрацягу лета пабываюць у лагеры “Бярозка”, 11 чалавек – за межамі краіны: у Італіі і Ірландыі. У патранажных і біялагічных сем’ях будуць знаходзіцца 15 выхаванцаў. Асаблівую ўвагу таксама ўдзелім непаўналетнім, якія знаходзяцца на розных відах уліку.
Спадзяюся, што педагогі і выхавальнікі пастараюцца, каб кожны дзень у лагеры вылучаўся разнастайнасцю, а ў дзяцей засталіся толькі станоўчыя ўражанні.
Пытанні задавала Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.