«Веломаршрут памяти» состоялся в Докшицком районе (+фото)

img_7833Напярэдадні 72-гадавіны Вялікай Перамогі, 6 мая, з райцэнтра стартаваў велапрабег “Мы памятаем…”. Ідэя яго арганізацыі належыць раённаму аб’яднанню прафсаюзаў і райкаму ГА “БРСМ”.

Докшыцы. Субота. Плошча каля ГЦК. А палове дванаццатай…

Да старту яшчэ амаль гадзіна, але першыя велааматары ўжо збіраюцца ў купкі. Кожная вылучаецца адметнай формай. Хлопцы з барсукоўскай школы ў святлоадбівальных камізэльках, а першай гарадской у майках з назвай установы адукацыі. Прадстаўнікі райста, РАУС, “Віцебскторфа”, раёна газазабеспячэння, МНС, райаграсэрвіса, лясгаса, “Белаграпрамбанка”, РВЭСа, ПМК-52, СШ №2, хлебазавода, культработнікі. Усіх не пералічыць, бо да пляцоўкі ўсё пад’язджаюць і пад’язджаюць новыя ўдзельнікі велапрабегу. Асабліва можна вылучыць каманду Параф’янаўскай школы, якая яшчэ да старту, што называецца, перавыканала нарматыў, прыбыўшы ў райцэнтр з аграгарадка на веласіпедах.
Між іншым набліжаецца час ад’езду. А перад ім – невялікі мітынг. Маршрут: Докшыцы – Азарцы – Барсукі – Докшыцы. Падтрымаць удзельнікаў велапрабегу завітала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, якая дзякуе за ўдзел у акцыі і жадае ўсім без цяжкасцей адолець маршрут. Невялікі інструктаж ад Дзяржаўтаінспекцыі і калона рушыць па вуліцы Ленінскай.

Хвілін праз 15 веласіпедысты пераадольваюць межы горада і пракладаюць свой маршрут у параф’янаўскім накірунку. Моладзь ірвецца ў лідары. А вось больш вопытныя ўдзельнікі прабегу сілы свае разлічваюць (на здымаку). Здаецца, само надвор’е спрыяе падзеі. Сонейка і цёплы ветрык – яго памагатыя.

Першы прыпынак – помнік закатаваным жыхарам Азарцаў. Схіліўшы галовы, удзельнікі акцыі слухаюць расповед пра лёс вёскі. Затым моўчкі кладуць кветкі да падножжа помніка. Хвіліна памяці і смутку.

Між тым шлях трэба працягваць. Хутка “сядлаюцца” веласіпеды, і калона, не даязджаючы да аграгарадка, скіроўвае на Барсукі. Месца асфальтаваму пакрыццю саступае гравійка, шлях становіцца цяжэйшым. Вось тут і патрэбны назапашаныя сілы. Але праз сорак хвілін шэсць дзясяткаў веласіпедыстаў на месцы.

На сядзібе “Панскі дворык” іх чакае настаўнік, краязнаўца Дзмітрый Грабоўскі. Размясціўшыся пад навесам на лаўках, велатурысты адпачываюць і слухаюць пра гісторыю гэтага месца і школы, якая некалі працавала ў будынку аграсядзібы, пра гады знаходжання краю пад Польшчай… Дзмітрый Іванавіч расказвае настолькі ўдумліва і цікава, што з кожным сказам увага прысутных усё больш прыцягваецца. Гісторык пераходзіць да іншых тэм, раіць усё новыя месцы, якія варта наведаць у нашым раёне.
Аповед завяршаецца. Час падсілкавацца. Арганізатары паклапаціліся і пра гэта. Меню для ўсіх аднолькавае – каша з мясам, хлеб ды гарбата. Але па тым, як хутка пусцеюць талеркі, відавочна, што ўсім яна даспадобы. Час адпачынку пралятае хутка, і падарожныя на веласіпедах вяртаюцца ў Докшыцы.

Маршрут памяці атрымаўся цікавым, пазнавальным і карысным як для моладзі, так і для больш сталага пакалення. Дарэчы, па водгуках удзельнікаў, многія з якіх не прамінулі і мінулагодні велапрабег да помніка “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, на год наступны яны таксама гатовыя да старту.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *