Анастасия Соколова из СШ №1 г. Докшицы представила уникальный проект
У адкрытым вочна-дыстанцыйным фестывалі творчых праектаў “Францыск Скарына – друкар, мысляр, творца” паспяхова паўдзельнічала трэцякласніца СШ № 1 г. Докшыцы Настасся Сакалова. Дзяўчынка разам з бацькамі змайстравала макет пакоя Францыска Скарыны. Для творчай задумы яны выкарысталі дрэва, паперу, фольгу, тканіну, пластылін, засушаныя кветкі і іншыя матэрыялы. Фота работы стала асновай для эскіза памятнай маркі, якая была прадстаўлена ў намінацыі “Калекцыянер.net”. Толькі трыццаць унікальных праектаў, у ліку якіх і работа маленькай дакшычанкі, перамаглі ў дыстанцыйным этапе і ўдзельнічалі на вочным у зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау. Там Насця разам з іншымі пераможцамі паўдзельнічала ў майстар-класах і вырабіла новыя цікавыя рэчы. Паралельна з вочным этапам праходзіла выстава работ удзельнікаў і гасцей фестывалю.
Фестываль творчых праектаў быў накіраваны на развіццё цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і папулярызацыю вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Вядома, што Францыск Скарына быў не толькі чалавекам вялікага розуму, але і меў залатыя рукі. Напрыклад, свае кнігі, аздобленыя гравюрамі, ён вырабляў уласнымі рукамі. А таму невыпадкова на фестывалі была прадстаўлена творчая інтэрпрэтацыя гістарычнага мінулага, звязанага з першадрукаром.
На дыстанцыйны этап конкурсу было даслана больш за 600 работ з розных рэгіёнаў Беларусі. Работы былі падзелены на шэсць намінацый. У намінацыі “Спадар Скарына” дэманстравалася традыцыйная беларуская цацка – вырабы з саломкі, тканіны, бісеру, драўляных пацерак, гліны, дрэва, воўны, бяросты, скуры і іншых матэрыялаў. Да ўдзелу ў намінацыі “Кніжнае свята” канкурсанты рыхтавалі ўласныя інтэрпрэтацыі вокладак і старонак першых друкаваных кніг. Альбом памятных месцаў, даведнікаў па мясцінах жыцця і друкарскай дзейнасці Ф. Скарыны, па краязнаўчых маршрутах і музеях складалі ўдзельнікі намінацыі “Шляхамі першадрукара”. Сюжэтныя кампазіцыі, прысвечаныя постаці
Ф. Скарыны, яго жыццю і дзейнасці, выкананыя ў розных жанрах выяўленчага мастацтва, былі сабраны ў намінацыі “Спадчына ў нашай памяці”. У “Калекцыянер.net” былі прадстаўлены выкананыя ў розных тэхніках эскізы памятных марак, юбілейных манет і медалёў, прысвечаных знамянальным датам. Найбольш творчых работ удзельнічала ў літаратурнай намінацыі “Эпоха творцы”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.