Четверо правнуков семьи Кишулько из Докшиц хранят память о дедушке ветеране
Вялікая Айчынная вайна з кожным годам становіцца ўсё далейшай падзеяй у гісторыі, але пра мільёны загінулых у яе полымі, пра скалечаныя лёсы, голад і холад забываць нельга, каб усё не паўтарылася. Пра сваіх дзядоў і прадзедаў, якія падарылі нам, сённяшнім, мір на зямлі, памятаюць іх унукі і праўнукі.
Беражліва захоўваюць памяць пра свайго прадзядулю-ветэрана Фёдара Кішульку яго чацвёра праўнукаў.
“… Наш прадзядуля нарадзіўся ў вёсцы Атрубок сённяшняга Крыпульскага сельсавета. У 15-гадовым узросце паехаў вучыцца ў рамеснае вучылішча пад Маскву. Там яго і заспела вайна, – пішуць Раман і Сямён Кішулькі. – Некалькі месяцаў ён дабіраўся дадому. Чатыры разы яго затрымлівалі немцы, але яму ўдавалася ўцячы. На каленьках па тонкім лёдзе перапаўзаў Днепр, перайшоў лінію фронту і вярнуўся ў родную вёску. Дома сядзеў нядоўга — як толькі з’явіліся партызаны, стаў адным з іх. Біў фашыстаў у складзе 3-га атрада брыгады “Жалязняк”. Таварышы па зброі яго паважалі за мужнасць. Калі ў канцы чэрвеня 1944 года жалязнякоўцы злучыліся з авангарднымі часцямі Чырвонай Арміі, наш прадзядуля стаў чырвонаармейцам. У складзе адной з воінскіх часцей 1-га Беларускага фронту камандаваў мінамётным разлікам. Пра тое, як ён ваяваў, сведчыць вытрымка з прадстаўлення да ўзнагароднага ліста.
“…Узнагародзіць медалём “За адвагу” мінамётчыка 1-й мінамётнай роты чырвонаармейца Кішульку Фёдара Мікітавіча. У баях па авалоданні горадам Хорс 12.3.45 г. у складзе разліку старшага сяржанта Іванова І.І. меткім агнём свайго мінамёта знішчыў дзве агнявыя кропкі праціўніка з прыслугай, чым забяспечыў рух нашай пяхоты і захоп горада…” Гэта была не апошняя яго ўзнагарода. Адным з першых ён атрымаў медаль “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” І ступені.
Наш храбры прадзядуля вызваляў Варшаву і браў Берлін, а потым яшчэ два гады служыў на тэрыторыі Германіі. Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску. Працаваў у калгасе. Пра яго ваенныя подзвігі і добрасумленную працу неаднойчы пісала раённая газета.
Мы вельмі ганарымся сваім прадзядулем, і светлая памяць пра яго будзе вечна жыць у нашых сэрцах”.
НА ЗДЫМКУ: Раман і Сямён з партрэтам прадзядулі на святкаванні Дня Перамогі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.