Члены Совета Еврорегиона «Озерный край» встретились в Докшицах

img_3425

Чарговае, 36-е пасяджэнне Савета Еўрарэгіёна “Азёрны край” прайшло ў Докшыцах. У ім прынялі ўдзел члены Савета і запрошаныя госці з Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Полацкага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Расонскага, Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці, г. Новаполацка, а таксама шэрагу краёў Латвіі і раённых самакіраванняў Літвы, якія сабраліся, каб абмеркаваць вынікі супрацоўніцтва, дзейныя праекты і вызначыць перспектыўныя накірункі на будучыню. У якасці ганаровых гасцей прысутнічалі консул латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя і консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у г. Даўгаўпілс Уладзімір Клімаў. (На здымку: удзельнікаў пасяджэння зацікавілі вырабы Докшыцкага КУП «Бытавік»)
Удзельнікаў пасяджэння прывітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён адзначыў, што Еўрарэгіён “Азёрны край” стаў моцнай платформай для рэалізацыі праектаў па развіцці прадпрыймальніцтва, эканомікі, турызму, культуры і адукацыі. За пяць гадоў пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Докшыцамі і латвійскім г. Балві неаднаразова праходзілі сустрэчы па абмене вопытам у дзейнасці галін вытворчасці, аграпрамысловага комплексу, адукацыі, спорту і культуры. Жыхары абодвух рэгіёнаў мелі магчымасць пазнаёміцца з творчымі калектывамі сяброў-суседзяў, даведацца пра гісторыка-культурную спадчыну краін, іх сучаснае развіццё.
Справаздачу аб дзейнасці Латвійскага бюро Еўрарэгіёна “Азёрны край” зрабіла яго кіраўнік Ілза Стабулніеце, Літоўскага – Інга Сітлаўскайне. Дырэктар мясцовага фонду “Цэнтр садзейнічання развіццю тэрыторый “Азёрны край” Міхаіл Арэхаў паведаміў аб рэалізацыі мясцовых ініцыятыў і іншых міжнародных праектаў беларускіх тэрыторый. На мясцовых ініцыятывах, як спосабе ўцягнення грамадства ў рашэнне сацыяльна-эканамічных пытанняў пад эгідай праграмы развіцця ААН, засяродзіў увагу ў сваім выступленні рэгіянальны каардынатар па Віцебскай вобласці Андрэй Давыдзенка. Ён адзначыў, што з 30 праектаў, якія сталі пераможцамі конкурсу “Мясцовых ініцыятыў”, а першапачаткова было пададзена 755 заявак, чатыры прыйшліся на ўдзельнікаў рэгіёна “Азёрны край”. Гэта Полацк, Глыбокае, Браслаў і Докшыцы. Тэматыка пераважнай большасці праектаў-пераможцаў закранала пытанні баўлення вольнага часу, турызму, здаровага ладу жыцця, захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Па словах выступоўцы, гэта добра, але трансгранічнае супрацоўніцтва мае вялікі патэнцыял і для развіцця бізнесу, у першую чаргу, сельскага прадпрымальніцтва, накіраванага на павышэнне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці. Менавіта гэта пытанне хвалюе зараз большасць насельніцтва рэгіёна «Азёрны край», а значыць мае плён у будучыні.
На сустрэчы быў падпісаны шэраг дагавораў, распрацавана павестка дня наступнага пасяджэння Савета Еўрарэгіёна “Азёрны край”.
Пасяджэнне, на якім адбыўся адкрыты дыялог, абмен вопытам, вывучэнне напрацовак і знаёмства з планамі па аб’яднанні намаганняў у іх рэалізацыі праходзіла ў райвыканкаме. У кінаканцэртнай зале “Іскра” ўдзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з багаццем Докшыцкага краю, прадукцыяй яго прадпрыемстваў, вырабамі майстроў народнай творчасці, паглядзелі вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці раёна. Затым здзейснілі экскурсіі па Докшыцах і Бягомлі. У гарпасёлку наведалі завод “Ветразь”, вытворчую базу Бягомльскага лясгаса і краму “Дары прыроды”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *