Докшицкая детская школа искусств имени Н. Соколовского отпраздновала завершение учебного года

dsc01397

Завяршэнне навучальнага года Докшыцкая дзіцячая школа мастацтваў імя Н. Сакалоўскага адзначыла вялікім святам.
– Наша ўстанова – гэта храм мастацтва, адкуль адпраўляюцца ў жыццёвы шлях юныя музыканты і мастакі, танцоры і драматычныя артысты, – сказала, адкрываючы яго, дырэктар Вольга Сушко. – Няхай не ўсе яны прадоўжаць далей прафесійна вучыцца, затое будуць культурнымі, адукаванымі людзьмі ў галіне мастацтва. На інструментальным аддзяленні дзеці вучацца ігры на васьмі інструментах, на тэатральным засвойваюць акцёрскае майстэрства і сцэнічную мову, танец і музычную грамату. На ўроках харэаграфіі знаёмяцца з класічным, народна-сцэнічным і сучасным бальным танцам. Для дзяцей 7-8 гадоў працуе харэаграфічная студыя “Тапатушкі”. Эстэтычным адносінам да жыцця, вобразнаму мысленню і асновам малюнка, жывапісу, кампазіцыі вучацца на мастацкім тэатральным аддзяленні. Для дашкольнікаў працуюць “Смяшарыкі”. Сёння пасведчанне аб пачатковай музычнай адукацыі атрымаюць 28 выпускнікоў, і мы ўпэўнены, што яны сталі сапраўднымі аматарамі музыкі і мастацтва.
Сярод выпускнікоў – выдатнікі вучобы, лаўрэаты розных конкурсаў і фестываляў: Вераніка Сіўцэвіч, Дар’я Харытонава, Лізавета Лявоненка, Вікторыя Крыкун, Дар’я Казлоўская, Ганна Козел, Сямён Кішулька і сапраўдны гонар школы Дзмітрый Пракаповіч.
Адгучалі фанфары, шчаслівыя выпускнікі пакінулі сцэну, і праз імгненне на ёй пачалася песенна-музычная феерыя. Адзін за адным зменьваліся калектывы: вакальныя, інструментальныя, харэаграфічныя, уражваючы гледачоў высокім выканаўчым майстэрствам, маляўнічасцю сцэнічных касцюмаў і тым, што настаўнікі спявалі, ігралі, танцавалі разам са сваімі вучнямі. Ансамбль барабаншчыц “СтэпБіт”, гітарыстаў – “Сярэбраныя струны”, цымбалістаў – “Перазвон”, піяністаў – “Музычныя клавішы”, духавы аркестр, вакальная група “Пазітыў”, вакальны калектыў “Пацеркі”, узорны аркестр баянаў, чытальнікі і танцоры – гэта далёка не поўны пералік удзельнікаў канцэрта, які стаў найлепшай рэкламай бацькам для вырашэння дылемы, ці трэба аддаваць дзяцей у “музыкалку”? Гледзячы на феерычнае шоу, што адбывалася на сцэне, складана ўявіць, што яшчэ некалькі гадоў таму і падумаць пра падобнае было немагчыма. Але ж людзям, якія знаходзяцца на сваім месцы, па сіле многае.
Паважаныя бацькі, калі вы жадаеце далучаць сваіх дзяцей да свету культуры і мастацтва, бачыць іх на сцэне сярод маленькіх артыстаў, якім дораць апладысменты ўдзячныя гледачы, падавайце заяву на навучанне ў ДШМ. Праслухванне дзяцей праходзіць з 10 мая па 10 чэрвеня 2017 года з 10.00 па 19.00 па адрасе: г. Докшыцы, пл. Палявога, 2А.

Сёлетні выпускнік Дзмітрый Пракаповіч на абласным аглядзе-конкурсе стаў лаўрэатам III ступені па класе баяна-акардэона. З таленавітым хлопцам у свеце музыкі ўсе гэтыя гады была настаўніца Святлана Гарабец.
З Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені вярнуліся з фестывалю-конкурсу “Вясёлы Жужа” адпаведна цымбалістка Агнія Казлова (наст. Алёна Трус) і Лізавета Ляснеўская (фартэпіяна), якая займаецца ў настаўніцы Веранікі Крывічанінай.

Тэкст і фота Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *