История молодости Марии Зубковой из д. Лати Докшицкого района

бясконцая аптымістка з в. Лаці Марыя Зубкова.

бясконцая аптымістка з в. Лаці Марыя Зубкова.

Марыі Зубковай з вёскі Лаці восемдзесят, а яе імпэту да жыцця могуць пазайздросціць і маладыя. Яна з тых людзей, якія ўмеюць знаходзіць яго маленькія радасці ў любым узросце. Гасцінная, заўсёды з усмешкай, Марыя Іванаўна, калі вядзе аповед, паджартоўвае над сабой, і таму здаецца, што жыццё яе было лёгкім і прыгожым, як добрая песня. А гэта зусім не так. Бясконца шчаслівай адчувала сябе ў даваенным дзяцінстве. Марыя з роду Спічонкаў – гаспадароў заможных і пачэсных. Яе бацька быў чалавекам вядомым. Адслужыў у царскай арміі 25 гадоў пісарам. У саракапяцігадовым узросце ўзяў сірату з Вецяры, з якой нарадзілі чатырох дачок. Зямлі меў дастаткова, гаспадарыў ён на ёй па-навуковаму, выпісваў нават агранамічны часопіс, таму хутарская гаспадарка Спічонкаў была адна з самых моцных у наваколлі. Калі пачалася вайна Манечцы споўнілася чатыры гады. Яна памятае, як баялася стрэлаў і выбухаў, што даносіліся з боку Докшыц, начных прыходаў незнаёмых дзядзькаў, якія, нешта шукаючы, падымалі нават тыя сеннікі, на якіх спалі дзеці. Ужо пазней ёй расказала маці, як расстрэльвалі габрэяў, што разам з імі ў той яме ляжыць і стрыечная сястра Настачка Малюжанец з Таргуноў разам з бацькам. Яны расплаціліся жыццём за тое, што партызаны, наскочыўшы ноччу, пабілі немцаў, якія ў іх хаце былі на пастоі. Яшчэ аднаго стрыечнага брата Яўгена Спічонка забілі партызаны. Ён да вайны выкладаў нямецкую мову ў школе. Немцы, калі пра гэта даведаліся, прымусілі хлопца стаць перакладчыкам. Карыстаючыся сваім службовым становішчам, як зараз кажуць, ён многім вяскоўцам жыццё ўратаваў. Мужчына быў паранены, калі выбівалі фашыстаў з Камайска. Прасіўся ў партызан, называў прозвішчы людзей, якім дапамог пазбегнуць смерці, прасіў праверыць, ды каму гэта трэба. Прысуд тады выносіўся хутка, і доказаў віны ніхто надта не шукаў.
У вайну сям’я страціла ўсё накопленае багацце. Прычым і скаціну, і рэчы, і хлеб забралі не немцы і не партызаны, а рабаўнікі з суседніх вёсак, якія выдавалі сябе за народных мсціўцаў. Пасля вайны некаторыя вяскоўцы знаходзілі ў іх свае падушкі, капы, дываны. Адну кабету запрасілі на вяселле, села яна за стол і пазнала свой абрус, якім ён быў засланы. Але нарабаванае не пайшло на карысць. Бандытаў знайшла кара нябесная. Ад сядзібы самага сквапнага і нахабнага з іх засталіся адны галавешкі: згарэла невядома ад чаго. Перамога была вялікай радасцю, толькі даймаў голад, асабліва дзяцей. Марыя Іванаўна ўспамінае зараз, што есці хацелася нават у сне. Летам у рот дзеці клалі ўсё, што прыйдзецца, потым мучыліся жыватамі. Праснакі з мерзлай, назбіранай на полі мінулагодняй бульбы, напалову з мякінай і травой былі асноўнай ежай. І ўсё ж жыццё паціху наладжвалася. Цётка дала жарабя і бычка. Бацька вырасціў іх, навучыў хадзіць у парцы і так араў ніву.
Але толькі сталі на ногі, як пачаліся калгасы. Жывёлу звялі ў агульны хлеў, а потым вясной падвязвалі вяроўкамі, каб не павалілася, калі выводзілі на пашу. Маня за год работы ў калгасе заробленае на працадні збожжа ссыпала ў мяшок і прынесла на плячах. Вось і жыві з такімі заробкамі. Потым бацьку прызначылі калгасным рахункаводам, а яна пайшла замуж за хлопца з лясгаса. Была такая тады арганізацыя ў Лацях. Там плацілі грошы, а Юра Зубкоў лічыўся адным з першых хлопцаў. Была і яшчэ адна прычына ранняга замужжа. Марыя Іванаўна па сакрэце прызнаецца, што надта шкадавала дзевак-перастарак, якія на вечарыне сядзелі на лавах уздоўж сцяны. Не хацела апынуцца сярод іх. З Юрам, які пазней стаў працаваць трактарыстам у МТС, у іх нарадзілася тры сыны. Жылі добра, свякроў-хахлуха толькі была вельмі цяжкага характару. Аддзяліліся, прыбудавалі сабе хату да бацькоўскай. Зараз стаяць яны пад адным дахам. Дагледжаныя, прыгожыя, а жыве ў іх Марыя Іванаўна адна. Юра памёр ад цяжкай хваробы. Сем гадоў насіла хустку ўдавы, сыноў гадавала, не аддала ў інтэрнат, хаця прапаноўвалі, а потым рашылася на другі шлюб. З Анікейчыкам пражылі 25 гадоў. Любіў у чарку зазірнуць, але работа па гаспадарцы ўся была зроблена. А ў вёсцы гэта вельмі важна. “Ды і які б не быў дуралей, а ўсё на сэрцы весялей”, – прызнаецца Марыя Іванаўна.
Зараз уся яе весялосць – гэта прыезд дзяцей. Яны цепляць лазню, Марыя Іванаўна накрывае на стол і радуе нявестак, якіх хваліць, прыгатаванымі прысмакамі. Унучакам рублік падорыць, нават праўнучка яго чакае. Сыноў засталося двое. Міхаіла ўжо няма, а яна цешыцца Мікалаем, які працуе ў міліцыі. Рукі ў яго ўмелыя, працавітыя, матчына хата дагледжана яго стараннямі. І Валера не адстае. Толькі ў гэтага менш часу, бо працуе ў лясгасе.
Сядзіба 80-гадовай бабулі ўражвае парадкам, хата – чысцінёй, а яна сама гасціннасцю і добразычлівасцю. Кажа, што праца і аптымізм падаўжаюць жыццё.
– А калі памру, то свет не папру, – заяўляе Марыя Іванаўна. – Я кабета заўсёды была фарсістая: любіла апранацца прыгожа, танчыць і работу рабіць. І зараз і пастрыгу, і ўкол зраблю. Больш за 10 гадоў даглядала авечак без адзінага водпуску. Усё бралі з мужам кампенсацыю, каб у хату нешта прыдбаць, зараз так не працуюць. Можа, яно і добра, жыццё ж павінна паляпшацца. Зараз яно такое добрае, толькі мы ўжо не тыя, але і старыцца трэба весела, з музыкай, каб людзям не дакучаць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *