На набережной озера в г. Докшицы кипит работа
Кіпіць работа на набярэжнай гарадскога возера. Вялікую кампазіцыю на тэму дзвюх рэк афармляюць арганізацыі горада: раён газазабеспячэння, райста, гарадскія школы, раённы вузел паштовай сувязі, хлебазавод і іншыя. Агульным у ёй значыцца сінявокая рака, а астатняе будуць ствараць фантазія і ўмелыя рукі работнікаў арганізацый. Што яны прыдумалі, няхай пакуль застанецца ў тайне, каб было чаму здзівіцца гараджанам пасля завяршэння работ.
Камунгасаўцы рупяцца ў парку. Ачысцілі ад расліннасці дамбу. Перакрылі дах амфітэатра, будуюць сцяжынку, якой змогуць карыстацца і жыхары мікрараёна Заазерны, калі захочуць скараціць шлях. Яна будзе асвятляцца, і работнікі РЭСа ўжо ўстанаўліваюць на ёй слупы. На чарзе будаўніцтва яшчэ адной сцяжынкі. Пасля гэтага за справу возьмецца Бягомльскі лясгас, які выканае мастацка-дэкаратыўнае аздабленне парку. Магчыма будаўніцтва канатнага гарадка і летняга кафэ. Пажывём, як кажуць, пабачым.
Дзяжурная па горадзе Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.