Семья медиков Шингарёвых «болеет» разведением экзотических растений

bez-imeni-2У нядзелю сваё прафесійнае свята – Дзень медыцынскіх работнікаў – адзна­чыць маладая сям’я Шынгаровых з Докшыц (на здымку). Іван і Вераніка пазнаёміліся, калі заканчвалі вучобу ў медыцынскіх установах. Малады хлопец, віцяблянін, адразу ўпадабаў спрытную дзяўчыну з Докшыц, якая пры сустрэчах часцяком расказвала пра свой родны горад. Так атрымалася, што па волі шчаслівага лёсу абоіх размеркавалі на працу менавіта ў наш раён. Прыехалі і тут засталіся. Па словах маладых медыкаў, яны камфортна адчуваюць сябе ў невялічкім гарадку. Пакуль жывуць у выдзеленай ім арэнднай кватэры і мараць пра ўласны дом.
Ужо на трэцім курсе перад Іванам Шынгаровым стаяў выбар: быць анестэзіёлагам ці хірургам. І ён выбраў апошняе. Пачынаючы з 2012 года малады ўрач у Докшыцах праводзіць планавыя аперацыі, аказвае экстранную дапамогу.

– Мне пашанцавала, – кажа доктар. – Побач са мной працуе вопытнейшы ўрач з вышэйшай катэгорыяй Аляксандр Бароўка, у яго сапраўды ёсць чаму павучыцца. Сёння мы робім высокатэхналагічныя аперацыі на страўніку і жоўцевых пратоках. Але бываюць складаныя сітуацыі, калі без дапамогі спецыялістаў вузкага профілю, такіх, як эндаскапіст ці сасудзісты хірург, проста не абысціся. У пераважнай большасці выпадкаў аперыруем самастойна. Вось і днямі правялі рэзекцыю страўніка і кішачніка жанчыне, зараз пацыентка ідзе на папраўку.
– Іван Міхайлавіч, як лічыце, ці павінен хірург быць яшчэ і добрым псіхолагам?
– Безумоўна. Праўда, не ведаю, наколькі ў мяне гэта атрымліваецца. Ва ўсялякім выпадку стараюся да кожнага пацыента знайсці індывідуальны падыход, выслухаць яго і, зразумела, аказаць патрэбную дапамогу.
Хірургія ўвогуле лічыцца адной з самых прэстыжных і элітных прафесій, у якую прыходзяць свядома. Сёння Іван Міхайлавіч упэўнена гаворыць, што з выбарам ён не памыліўся. Аднак успамінае, як, заканчваючы школу, бадай у апошні момант змяніў рашэнне наконт паступлення ў навучальную ўстанову.
– Я наведваў спецыяльны клас па англійскай мове, – кажа доктар, – і планаваў стаць перакладчыкам. Але, крыху паразважаўшы, вырашыў, што такая прафесія, напэўна, мне будзе не па душы. У вышэйшую медустанову з першага разу паступіць не атрымалася, таму пайшоў у каледж, пасля яго заканчэння другая спроба аказалася ўдалай.
На рабоце калегі ведаюць Івана Міхайлавіча як чалавека вельмі добрага і чулага, цэняць яго за прафеbez-imeni-1сіяналізм. Цікава, а які доктар дома? Гэта пытанне мы задалі яго другой палавінцы.
– Многія ўспрымаюць яго занадта сур’ёзным і строгім, – дзеліцца Вераніка. – Але хачу пераканаць, што гэта не так. Наадварот, душэўны, вясёлы, уважлівы муж і клапатлівы бацька. Нашай дачушцы Алінцы пашанцавала з татам. Як і многія мужчыны, ён любіць рыбалку і смачна паесці (усміхаецца).
Вераніка Шынгарова на працу ідзе разам з мужам: яна медсястра працэдурнага кабінета. Шматлікія ін’екцыі, забор крыві з вены для біяхімічных даследаванняў і адпраўка іх у лабараторыю – звыклы для яе пералік работы. І калі ў некаторых пацыентаў часам узнікае лёгкі страх пры адным толькі позірку на іглы са шпрыцамі і шматлікія прабіркі, то ён адразу ж знікае, бо абаяльнасць медсясры і яе лагодны голас дапамагаюць забыць пра знаходжанне ў паліклініцы.
У кватэры, дзе жывуць Шынгаровы, не знойдзецца свабоднага месца на падаконніках, бо ўсе яны занятыя кветкамі. І не простымі. Некалькі гадоў таму Іван Міхайлавіч захапіўся экзатычнымі раслінамі, пачаў заказваць іх праз Інтэрнэт нават з азіяцкіх краін. Гэта і быў пачатак сапраўднай калекцыі, якая налічвае сёння 150 відаў. Хутка названай прыгажосці не будзе хапаць месца, таму мара пра свой дом з вялікай аранжарэяй павінна абаязкова збыцца.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *