Центр трезвости «Светоч» в Бегомле отметил годовщину образования
Дзве асаблівыя падзеі адбыліся ў парафіі Хрыста Валадара Сусвету, што ў Бягомлі, 8 ліпеня. Вернікам быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання), і першую гадавіну сваёй дзейнасці адзначыў Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”, які працуе пры касцёле.
Святую Імшу ўзначаліў генеральны вікарый ксёндзпрэлат Францішак Кісель з Полацка, які па даручэнні біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі сямі вернікам (на здымку).
– Ведаючы слабасці чалавека, Бог прыходзіць да яго праз свае сакрамэнты. Канфірмацыя – гэта сакрамэнт сталасці. Ён прымаецца вернікамі ў больш свядомым узросце і сведчыць пра моц веры і адданасць. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзясятніцы быў пасланы на апосталаў. Гэта чарговы знак узаемнага сяброўства з Хрыстом, які вызваляе ад граху, дазваляе пазнаць свабоду і выводзіць з цемры зямных залежнасцей, – прамовіў айцец Францішак Кісель.
Адной з такіх залежнасцей і з’яўляецца алкагалізм, для змагання з якім і быў створаны пры касцёле цэнтр дапамогі. Каб падтрымаць добрую справу цэнтра “Светач” і памаліцца за яе далейшы плён, сюды з’ехаліся людзі з розных гарадоў Беларусі (Глыбокага, Пастаў, Верхнядзвінска, Мядзела, Гродна, Мінска і інш.). Цэнтр стаў падобны да дрэва, якое за год укаранілася і таму павінна ўзмацняцца і разрастацца. А падставы для гэтага ўсе ёсць. Пра невялікі перыяд дзейнасці распавялі яго кіраўнікі Таццяна і Уладзімір Шчэпіны на мерапрыемстве, якое прайшло ў Доме культуры. Упершыню цэнтр заявіў пра сябе ў ліпені мінулага года падчас Будслаўскага фэсту. Там працавала “Лаўка цвярозасці”, у якой прапаноўвалі “цвярозасць” на разліў. Паступова ў Бягомль сталі прыязджаць людзі па дапамогу ад алкагольнай залежнасці. Яны праходзілі рэабілітацыю, якая спалучае ў сабе розныя накірункі. Гэта і працатэрапія, і разнастайная работа з псіхолагам, і, канечне ж, духоўнае развіццё, малітва. Праводзіліся семінары для сузалежных асоб, дзе можна было павучыцца правільным паводзінам з алкаголікам у сям’і і на рабоце.
Спецыялісты цэнтра наладжваюць супрацоўніцтва па праблеме алкагольнай і наркатычнай залежнасці з калегамі не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Моцную духоўную падтрымку аказвае айцец Тадэвуш Кавальскі, пробашч Бягомльскай парафіі, а таксама вельмі зацікаўлены работай “Светача” біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Адкрытыя на развіццё карыснай справы ў Бягомлі прадстаўнікі сельскага Савета і школ.
Гадавіну свайго нараджэння цэнтр адзначыў двухдзённай пілігрымкай у Будслаў. Дзевятнаццаць чалавек адолелі больш за 50 кіламетраў дарогі пешшу. З галоўнай пляцоўкі Будслаўскіх мерапрыемстваў амаль на пяцітысячную аўдыторыю было расказана пра дзейнасць “Светача”, яго дасягненні і перспектывы. Да таго ж кансультанты не сядзяць на месцы, а ездзяць і паказваюць на асабістым прыкладзе, што з алкагалізмам можна змагацца, і даволі паспяхова.
Для таго, каб добрая справа існавала і развівалася, неабходна і матэрыяльная падтрымка, бо не кожны з ахвотных прайсці курс рэабілітацыі можа знайсці той мінімум, які патрэбны для жыцця ў цэнтры. Знаходзяцца ахвярныя людзі, якія калісьці самі прайшлі праз пекла алкагалізму, а сёння дапамагаюць іншым вызваліцца ад залежнасці. Такім чалавек стаў прадпрымальнік, дырэктар дабрачыннай арганізацыі “Карытас” у Глыбокім Генадзь Вервічонак. Дзесяць гадоў ён не ўжывае спіртное, пэўны час марыў пра стварэнне падобнага цэнтра, а калі даведаўся пра яго існаванне ў Бягомлі, то адразу адгукнуўся, каб падтрымліваць і дапамагаць. Яшчэ адзін мужчына, прадпрымальнік з Полацка Аляксей Дайлідзёнак, які восенню мінулага года прайшоў курс рэабілітацыі ў гэтым цэнтры, падзяліўся сваімі заўвагамі наконт алкагалізму: “Людзі, якія вызваліліся ад заганы алкаголю, – шчаслівыя, многа смяюцца і дзеляцца сваёй радасцю. А калі ўжывалі алкаголь, было не да смеху, плакалі ўсе”.
Прыемным аказалася знаёмства з кіраўніком гурта “Братка Беларус” Алегам Дабравольскім, які прыехаў з Барысава. Ён прызнаўся, што ў свой час таксама меў праблемы са спіртным і вось ужо 22 гады вядзе безалкагольнае жыццё. А праз сваю творчасць даносіць народу простую ісціну: “Веру я, што беларус без гарэлкі можа жыць”. Артыст падарыў цэнтру дыск з фільмам пра беларускага святара Станіслава Папчынскага, які ў гэтым годзе Папам Рымскім далучаны да ліку святых. Дарэчы, частка фільма здымалася ў ваколіцах Параф’янава, а ў вобразе п’яніцы выступіў сам Алег Дабравольскі.
Сваімі назіраннямі і напрацоўкамі па праблеме алкагалізму падзяліўся псіхолаг, гештальт-тэрапеўт В.М. Цырлін з Мінска.
Цэнтр “Светач” працуе з дэвізам “Заўсёды ёсць надзея”, а таму і шлях да Бога можа быць праз цвярозасць.
Жывым, вясёлым выступленнем усіх парадаваў народны вакальны ансамбль «Сакавіца».