Докшиччина вместе со всей страной отпраздновала День Независимости Республики Беларусь (+фото)

img_0497Разам з усёй краінай Докшыччына адзначыла галоўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

Тое, што 3 ліпеня займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага з нас, сведчыў радасны настрой гараджан і гасцей райцэнтра, якія віталі адзін аднаго прыязнымі, шчырымі ўсмешкамі, збіраючыся з раніцы на святкаванне. Традыцыйнае ўскладанне кветак да помнікаў, ушанаванне памяці тых, хто адстаяў мір і незалежнасць Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – неад’емная частка мерапрыемства. Адзін з важных момантаў – наведванне мемарыяльнага комплексу “Праклён фашызму”.

“Квітней, Докшыцкі край!” – напеўна і велічна гучала родная беларуская мова з вуснаў вядучых канцэртнай праграмы ў ККЗ “Іскра”.

Словы падзякі і цёплыя віншаванні адрасаваў у гонар ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў працы, жыхароў горада і раёна старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук:
– У гісторыі нашай краіны шмат знамянальных дат, але 3 ліпеня – асаблівая, – адзначыў Алег Леанідавіч. – У гэты дзень 73 гады таму Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і атрымала незалеж­насць. Сённяшнія ветэраны вайны прадэманстравалі тады прыклады гераізму, незгінальнасці і волі да перамогі. Ветэраны працы пасля разрухі ўзнаўлялі народную гаспадарку, адбудоўвалі гарады і вёскі. Сёння прадстаўнікі працоўных калектываў, захоўваючы і прымнажаючы тыя слаўныя традыцыі, дасягаюць высокіх вынікаў, чым умацоўваюць стабільнасць і незалежнасць Радзімы.
img_0584 img_0608 img_0474 img_5040Росквіту Докшыцкаму краю пажадала ў сваім выступленні ветэран працы Яніна Бальчэўская.

– Край наш святочна прыбраны,
Кветак ля помнікаў многа.
Дзякуй за мір, ветэраны!
Дзякуй за мір, Перамога!

Вершаванымі радкамі віталі вядучыя ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ад удзячных нашчадкаў – у падарунак кветкі.

Пранікнёным бясконцай любоўю да роднай старонкі, да людзей, якія жывуць і працуюць на ёй, быў святочны канцэрт. Дзіцячыя і дарослыя творчыя калектывы шчыра дзяліліся талентам і дабрынёй сваіх сэрцаў.

Увечары свята працягнулася на беразе гарадскога возера. У парку разгарнулася выстава прадукцыі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Дзеці з задавальненнем бавілі вольны час на гульнявых і спартыўных пляцоўках. Не адставалі ад малечы і дарослыя, сярод якіх таксама было нямала аматараў армрэслінга, дартса, шашак і марскога бою. Прыгожыя, часам незвычайныя сувеніры, зробленыя аматарамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выйграваліся ў шматлікіх латарэях. А са сцэны ліліся знаёмыя матывы шлягераў розных часоў. Рэтра-вечарына завяршылася рэспубліканскай акцыяй “Праспяваем гімн разам”. Мірнае неба расквеціў святочны феерверк, пасля якога бераг возера ператварыўся ў танцавальную пляцоўку.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага і Я. Малевіч.
img_5255

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *