По какому адресу в Докшицах РИК планирует потратить 5000$ на благоустройство дворовой территории
Працяг тэмы, прысвечанай добраўпарадкаванню горада ў прыватнасці і праблеме ўтрыманства ў агульнасці, нарадзіўся пасля знаёмства з калектыўным пісьмом жыхароў дома № 8, што па вул. Школьнай у Докшыцах. Ад дырэктара РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” яны патрабуюць “арэляў, лесвічкі з горкай, баскетбольнага кальца, гульнявых домікаў, лавак і сметніцы…”, а таксама агароджы дзіцячай пляцоўкі, бо ў двор пастаянна заязджаюць аўтамабілі.
На першы погляд, у патрабаваннях няма нічога звышнатуральнага, але гэта калі не ведаць, што на пляцоўцы ёсць гульнявы домік, два спартыўныя снарады, пясочніца, лаўка (здымак 1). Былі і арэлі, потым іх убралі па просьбе саміх жа жыльцоў. А насупраць дома за некалькі дзясяткаў метраў знаходзіцца школьная спартыўная база. Канечне, жаданне мець больш, каб задаволіць дзіцячыя патрэбы, зразумелае, але чаму б яго не ўвасобіць жыльцам самім? Зробленае сваімі рукамі цэніцца намнога больш. Дзеці наўрад ці будуць ламаць тое, што зрабілі іх бацькі. Камунгас дапамагчы не супраць, напрыклад, матэрыяламі, але ж на выкананне ўсіх завышаных патрабаванняў яго не хопіць.
Пісьмо падпісала амаль палова жыльцоў шматкватэрнага чатырохпавярховіка. Дружныя суседзі, нічога не скажаш, але б гэтае сяброўства ды на больш карысныя справы! Павучыцца ёсць дзе. На той жа вуліцы, толькі ля пяціпавярховіка, амаль кожны дзень кіпіць работа. Мужчыны, жанчыны, дзеці завіхаюцца на двары, у які ўжо можна хадзіць на экскурсію за эстэтычным натхненнем, але жыльцы сцвярджаюць, што гэта яшчэ не мяжа. Прыгажосць ствараюць з дапамогай умелых рук, фантазіі і падручных сродкаў. Набылі за сабраныя грошы толькі фарбу (здымак 2).
– Адразу не ўсе падтрымлівалі нас, – дзеліцца жыхарка дома Лілія Мядзюха, – былі такія, што і смяяліся: маўляў, для гэтага ёсць адпаведная служба, але ж камунальнікі зробяць належны мінімум, а стварэнне прыгажосці – гэта ўжо справа саміх жыльцоў. Некалі мы самі і пад’езды прыбіралі, і двары, і ўспрымалася гэта нармальна. Агульная праца аб’ядноўвае, робіць жыльцоў сапраўднымі суседзямі, вучыць цаніць грамадскую маёмасць. Зараз актыўнасць стопрацэнтная.
Лічым патрэбным дадаць, што яшчэ агульная праца дае магчымасць стаць пераможцам агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі шматкватэрных жылых дамоў, які будзе праводзіцца з 1 па 15 жніўня.
Па рашэнні райвыканкама пры падвядзенні вынікаў улічваюцца наяўнасць, стан і афармленне кветнікаў і кампазіцый, а таксама планіроўка і абнаўленне газонаў, дадатковая пасадка дрэў і кустоў, наяўнасць малых архітэктурных формаў, дзіцячых пляцовак, падтрыманне на дваровай тэрыторыі парадку і чысціні, тэхнічны і эстэтычны стан самога дома. Час яшчэ ёсць, можна паспець стаць удзельнікам конкурсу і зрабіць добрую, патрэбную справу на карысць роднага горада.
Узнагароджанне за перамогу
ў конкурсе:
І-е месца – 215 базавых велічынь;
ІІ-е месца – 135 базавых велічынь;
ІІІ-е месца – 85 базавых велічынь.
Сродкі будуць накіраваны на далейшае добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі дома-пераможцы.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.