В Докшицком районе отметили один из самых древних и мистических славянских праздников (+фото)
З песнямі і танцамі, гульнямі і жартамі, распальваннем вогнішча і скокамі праз яго ў кожным куточку раёна святкавалася старажытнае Купалле. Тое, што па сённяшні дзень яно карыстаецца ў нас вялікай папулярнасцю, сведчыла колькасць гараджан і гасцей райцэнтра – удзельнікаў традыцыйнага вогненнага шэсця. Вясёлыя конкурсы на сцэне змяняліся песнямі і танцамі мясцовых артыстаў. У два рады вадзілі карагоды вакол палаючага вогнішча хлопчыкі і дзяўчынкі. Шмат дзяўчат прыйшлі на свята ўпрыгожаныя вяночкамі з кветак – як не паваражыць на суджанага-ражанага ў чароўную купальскую ночку? Доўга не маглі адшукаць удзельнікі мерапрыемства “папараць-кветку”. Чамусьці не трапляе яна апошнім часам дарослым: як і ў мінулым годзе, стылізаваную дзівосную расліну знайшла маленькая дзяўчынка. Яскравым момантам свята стала выступленне ансамбля “СтэпБіт” з Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Дзяўчаты з фурорам выканалі сучасную кампазіцыю, якая распачала танцы да раніцы.
Докшыцкія барабаншчыцы, а таксама народны вакальны ансамбль “Вярба” і вядомы акардэаніст Аляксандр Букаты выступілі і на купальскім свяце ў Крулеўшчыне. Мясцовыя жыхары з задавальненнем удзельнічалі ў спартыўных выпрабаваннях, якія праводзіў Віталь Лямец у ролі Фядота-стральца. Яму дапамагаў Аляксандр Гапоненка ў ролі цыгана. “Цыганка” Алена Бута варажыла дзяўчатам, вучыла плесці вяночкі, раздавала гаючыя травы. Тэатралізаванае шоу праводзілі Аляксандр Маслакоў і Юлія Лямец (Купалінка). Нават дождж не перашкодзіў крулеўцам акунуцца ў чароўную атмасферу свята.
У Параф’янаве ладзілі свята толькі мясцовыя артысты. З задавальненнем моладзь танчыла пад жывую музыку і грэлася ля вялікага вогнішча. А чароўную “папараць-кветку” і тут знайшлі дзеці – унучка Леанарды Немкаловіч, якая кожнае лета прыязджае да бабулі ў Целяшы.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.