Бегомль отпразновал 435-ю годовщину со дня основания (+ ФОТО)
Адкрываючы мітынг ля памятнага знака ў гістарычнай частцы гарпасёлка, з якога па традыцыі пачалося святкаванне, старшыня сельвыканкама Мікалай Трахінін падкрэсліў, што станаўленне чалавека немагчыма без такога складніка, як любоў да месца, дзе ён нарадзіўся, да малой радзімы, а таму пажадаў усім ладу і дабрабыту менавіта на роднай зямлі. Іерэй Валерый Цімкоў адслужыў малебен за росквіт краю і здароўе яго жыхароў. Затым урачыстае шэсце, наперадзе якога неслі галоўную ікону будучага храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (здымак 1), рушыла да плошчы ля ГДК, дзе адбылося асноўнае святкаванне.
На пачатку канцэртнай праграмы свае шчырыя пажаданні бягамальчанам адрасавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая. Яна ўручыла Граматы райсавета за плённую дзейнасць на дабрабыт краю намесніку дырэктара ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Алене Вішнеўскай і старэйшыне вёскі Ваўча Таццяне Ковель.
Падчас мерапрыемства працаваў тэматычны стылізаваны падворак пад назвай “Бягомльшчына партызанская”. На ім край прэзентавалі арганізацыі і ўстановы сельсавета. Частку экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны прадэманстраваў музей народнай славы, зборнікі славутых пісьменнікаў-землякоў можна было пагартаць у бібліятэчным кутку, дзе, да таго ж, прапаноўвалі паўдзельнічаць у анкетаванні і назваць сем цудаў Бягомля. Палявую медсанчасць разгарнулі супрацоўнікі Бягомльскай бальніцы, яны ж частавалі гасцей гарбатай з разнатраўя і печывам. На “прывале” адпачывалі хлопцы ў салдацкай форме з Бягомльскага лясгаса, настрой ім ствараў напеўны гармонік. Пачаставацца прысмакамі палявой кухні запрашалі на пляцоўцы санаторыя “Баравое”, прэзентацыю краю зладзілі супрацоўнікі санаторыя “Лясное”. Творчыя здабыткі выхаванцаў дэманстравала мясцовая школа-інтэрнат, многія затрымліваліся і каля яе стэнда з гістарычным фоталетапісам. Вырабы і дасягненні навучэнцаў былі прадстаўлены і Бягомльскай сярэдняй школай. Выставу сваёй прадукцыі таксама арганізавалі завод “Ветразь” і лясгас.
Працавала шмат гульнявых комплексаў, гандлёвых аб’ектаў спажывецкай кааперацыі і санаторыя “Баравое”.
Падчас вячэрняй праграмы былі падведзены вынікі конкурсу “Таленты Бягомльшчыны”, а таксама адзначаны актыўныя творчыя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў пасёлку. Завяршальным падарункам жыхарам і гасцям свята стаў рознакаляровы феерверк, які за гадзіну да поўначы расквеціў неба над Бягомлем.
***
За некалькі дзён да свята на самым бачным месцы Бягомля, там, дзе кругавое скрыжаванне, з’явіўся сімвалічны знак, з дапамогай якога два бягомльскія хлопцы Дзмітрый Караткевіч і Дзмітрый Трахінін (здымак 2) прызналіся ў любові да свайго роднага мястэчка. Знак яны зрабілі самі. Вынікам майстры засталіся вельмі задаволены, а яшчэ больш ім задаволены мясцовыя жыхары.
Дыпломы за актыўны ўдзел у конкурсе “Таленты Бягомльшчыны” атрымалі мясцовыя сярэдняя школа, школа-інтэрнат, яслі-садок і раённая бальніца. У намінацыі юныя таленты было адзначана выступленне дзіцячага калектыву Прудніцкага СДК.
Падзякамі райвыканкама і райсавета дэпутатаў за ўдзел у падрыхтоўцы да святкавання чарговых угодкаў Бягомля былі адзначаны санаторыі “Баравое” і “Лясное”, лясгас, Прудніцкі СДК і Бягомльская дзіцячая школа мастацтваў.
Падзякі сельвыканкама былі ўручаны Алене Юхнавец, Марыі Бартноўскай, Галіне Дземянковай, Дзмітрыю Караткевічу, Дзмітрыю Трахініну, сямейнаму дуэту Вадзіма і Мікіты Ціханскіх, Аляксандру Падцяробу, Сяргею Дубко, Алегу Савіцкаму, Сяргею Ярашэвічу і Анатолю Макараву.
Тэкст і фота Наталлі НАВІЦКАЙ.