Династия педагогов из Докшиц поделилась секретами своего мастерства
Настаўнік – гэта не проста прафесія. Гэта асаблівы склад душы, які не дазваляе сумаваць і сядзець на месцы. У лепшых сябрах педагога павінны быць цярпенне, працавітасць і бязмежная любоў да дзяцей і да сваёй справы. Настаўнік – нястомны шукальнік новых ідэй і рэалізатар неверагодных планаў, выканаць якія дапамагаюць няўрымслівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Найбольш ёмка раскрывае значэнне слова “педагог” крылаты выраз: “Настаўнік – прафесія ад Бога, усе астатнія – ад настаўніка”.
У нядзелю краіна адзначыць традыцыйнае кастрычніцкае свята – Дзень настаўніка, які з’яўляецца прафесійным для Валянціны Ванюшынай і яе дачкі Дзіны Януковіч (на здымку).
Кажуць, калі дзеці становяцца прадаўжальнікамі спраў сваіх бацькоў, то можна сцвярджаць, што ў гэтым няма памылкі, а ёсць упэўненасць у сваіх сілах і правільнасці абранага шляху.
Дзіна, Іна і Кірыл Ванюшыны нават не ўяўлялі сябе ў іншай прафесіі: яны раслі ў атмасферы яркага, бурлівага, насычанага рознымі цікавымі падзеямі школьнага жыцця, якое было жыццём іх бацькоў-настаўнікаў – Анатоля Сцяпанавіча і Валянціны Васільеўны.
Валя Ванюшына (у дзявоцтве – Валюшка) родам з Глыбоцкага раёна. Народжаная ў шматдзетнай сям’і, яна добра ведала, што, каб мець кавалак хлеба, трэба добра папрацаваць. Бацькі жылі на хутары. На ўсю акругу яны слылі добрымі гаспадарамі, у якіх можна было набыць якасную ўласнавырашчаную прадукцыю. Часам у Валюшкаў ладзіліся так званыя вечарушкі. Маленькая Валечка цішком назірала з печы за танцамі моладзі і ціхенька падпявала мясцовым пявунням. Вельмі ж ёй падабалася музыка! А яшчэ – настаўнікі. З гэтымі паважанымі, сур’ёзнымі і такімі велічнымі, як ёй здавалася, людзьмі яна пазнаёмілася, калі разам з маці хадзіла забіраць са школы старэйшую сястру. Яна, не адводзячы вачэй, сачыла за кожным рухам педагогаў, а дома бясконца гуляла ў настаўніцу. Маючы выдатны слых і добры звонкі голас, Валянціна падчас вучобы ў школе заўсёды была ўдзельніцай мастацкай самадзейнасці. Аднойчы на адным з конкурсаў журы прапанавала ёй у будучыні абавязкова паступаць у музычнае вучылішча. Так яна і зрабіла. Развіваючы свае вакальныя здольнасці, Валя не пакідала думкі пра настаўніцкую дзейнасць. Па волі лёсу яна займела магчымасць перавесціся ў педагагічнае вучылішча і скарысталася ёю. Атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка музыкі, не засталася ў Віцебску, як прапаноўвалі, а папрасілася ў Докшыцы, дзе на той час жыла сястра. Тут, у райцэнтры, на танцах пазнаёмілася са сваім будучым мужам Анатолем, які таксама ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяціў педагагічнай дзейнасці.
Дзесяць гадоў Валянціна Васільеўна адпрацавала настаўніцай музыкі ў СШ № 1 г. Докшыцы. Разам з верным сябрам баянам яна была жаданым удзельнікам шматлікіх школьных, і не толькі, мерапрыемстваў. Менавіта Валянціна Ванюшына была ў школе арганізатарам хору педагогаў, які стаў вядомым у раёне. Пасля заканчэння ВНУ (завочна) па спецыяльнасці настаўніца пачатковых класаў атрымала ў дадатак класнае кіраўніцтва. З трапятаннем успамінае яна гады сваёй педагагічнай дзейнасці.
– Калі я заходзіла ў клас, быццам гара з плячэй звальвалася, – дзеліцца Валянціна Васільеўна. – Штодзень з радасцю бегла да сваіх класных дзетак, з многімі сябрую і сёння. Жыццёвы вопыт паказаў, што не заўсёды выдатныя адзнакі ў дзённіку ўказваюць на добрага і шчырага чалавека ў будучыні. Для мяне кожны вучань быў індывідуальнасцю са сваімі здольнасцямі і магчымасцямі. Галоўнае — заставацца ва ўсім чалавекам.
Наша з мужам любоў да педагагічнай дзейнасці перадалася і дзецям. Праўда, старэйшы сын Кірыл, які таксама марыў аб прафесіі педагога, пайшоў іншым шляхам, а вось дзяўчаты – Дзіна і Іна – скончылі педагагічныя ўніверсітэты. Іна – школьны псіхолаг, а Дзіна выкладае замежную мову ў гарадской школе.
– У адным з пакойчыкаў нашай кватэры бацькі нам абуладкавалі куток, падобны на школьны клас, – успамінае Дзіна Анатольеўна. – Там была старэнькая парта з адкіднымі крышкамі і кавалак сапраўднай дошкі – чым не трэнажор для будучых настаўнікаў?! Кажуць, што дзеці настаўнікаў звычайна абдзеленыя ўвагай сваіх бацькоў. У нас было не так. Тата і мама вельмі любілі сваю прафесію і сваю работу. Яны атрымлівалі каласальную энергію і задавальненне ад сваёй дзейнасці, якімі напаўнялі і нас.
Перад заслужаным адпачынкам Валянціна Васільеўна пяць гадоў адпрацавала завучам па вучэбнай рабоце ў роднай школе. І нават на пенсіі, скончыўшы курсы дэфектолага, працягвала вучыць і выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак.
Цяпер Валянціна Ванюшына перадае свае веды і любоў да настаўніцтва ўнукам, якія вельмі любяць бываць у бабулі. Разам яны шмат чытаюць (дарэчы, гэта адно з самых любімых захапленняў усіх Ванюшыных). Да таго ж Валянціна Васільеўна займаецца кветкаводствам. А яшчэ яна паступова спасцігае пляценне з папяровых трубачак, некаторыя яе работы нават паспелі трапіць на творчую выставу педагогаў раёна.
– Вучыцца ніколі не позна, – усміхаецца Валянціна Васільеўна.
І хто, як не вопытны настаўнік з саракагадовым стажам, можа гэта сцвярджаць.
Дзіна Януковіч: – Сапраўдны настаўнік павінен ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваць у сваёй рабоце перадавыя тэхналогіі. Яму неабходна ўлюбіць дзяцей у свой прадмет, але найперш трэба самому любіць сваю справу. Вялікую ролю ў плённай працы таксама іграюць сяброўскія адносіны з вучнямі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.