Природный газ пришел в агрогородок Порплище Докшицкого района
Населены пункт Порплішча стаў 113-м аграгарадком у рэспубліцы, куды прыйшло блакітнае паліва. Урачыстая цырымонія запуску прыроднага газу адбылася ў чацвер з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі, міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Патупчыка і губернатара Віцебскай вобласці Мікалая Шарстнёва (на здымку).
– Забеспячэнне дастойнага камфортнага жыцця для рэгіёна, асабліва сельскай мясцовасці – адно з важнейшых пытанняў дзяржаўнай палітыкі Беларусі, – гаварыў падчас урачыстасці Уладзімір Андрэйчанка. – Прэзідэнт, парламент, а таксама мясцовыя органы ўлады ўдзяляюць вялікую ўвагу гэтаму пытанню. У Докшыцкім раёне прыродным газам карыстаюцца жыхары Гліннага, Сітцаў, Бягомля, Параф’янава. Летам блакітнае паліва прыйшло ў дамы жыхароў аграгарадка Барсукі. Сёння гэтай выгодай могуць карыстацца ў Порплішчы. Газапровад працягласцю 5 кіламетраў, на будаўніцтва якога затрачана 335 тысяч рублёў, быў уведзены ў самыя кароткія тэрміны. Паралельна вырашаюцца і іншыя сацыяльныя пытанні: рамантуюцца гарадскія школы, завяршаецца будаўніцтва стаматалагічнай паліклінікі ў Докшыцах.
– Міністэрства энергетыкі Беларусі ўдзяляе вялікую ўвагу змяншэнню затрат на ўласную вытворчасць электрычнай і цеплавой энергіі, паслугі газіфікацыі, – падкрэсліў Уладзімір Патупчык. – Людзі добра адчуваюць гэта, бо тарыфы на цеплавую энергію ў пяць разоў ніжэй, чым у Расіі. Цана на газ для насельніцтва таксама ніжэйшая, і гэта пры ўмове, што мы вымушаны купляць названыя віды паліва ў сваіх суседзяў. У Беларусі працягваецца рэалізацыя дзяржаўных праграм па газіфікацыі, у тым ліку сельскай мясцовасці. Рэсурсаў, канечне, не хапае, але мы стараемся задаволіць патрэбы людзей, бо цепліць дамы газам – гэта эканамічна выгадна.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, звяртаючыся жа жыхароў аграгарадка, адзначыў, што ў Віцебскай вобласці газіфікаваны ўсе гарады, пасёлкі гарадскога тыпу і амаль палова аграгарадкоў:
– Стаўка робіцца ў першую чаргу на той населены пункт, дзе ёсць перспектыва яго развіцця, – зазначыў Мікалай Мікалаевіч. – У Порлішча ёсць будучыня: тут нараджаюцца дзеці, застаецца моладзь, пабудавана неабходная інфраструктура, развіваецца вытворчасць.
Святочнае мерапрыемства мела працяг у Доме культуры, дзе адбыўся канцэрт, былі ўручаны граматы і ўдзячнасці спецыялістам, якія ўдзельнічалі ў праектаванні і газіфікацыі Порплішча. Сярод узнагароджаных – начальнік Докшыцкага раёна газазабеспячэння Аляксандр Туркоў і слесар па абслугоўванні і рамонце газапровадаў Міхаіл Шыталь. Узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён выказаў словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у рашэнні такога важнага пытання – узвядзенні газапроваду ў Порплішчы і стварэнні камфортных умоў для сельскіх жыхароў.
Таццяна МАЙСКАЯ.