20 октября во главе с Сергеем Абирало прошла коллегия райсельхозпрода в Докшицком районе

a-1666На мінулым тыдні адбылася калегія райсельгасхарчу, якую правёў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Абірала. Былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, заатэхнікі, ветурачы, інжынеры.

Напачатку ўдзельнікі калегіі наведалі малочнатаварную ферму “Бярозкі” КУСГП імя Чэрныша.
– Яшчэ летам тут паказчыкі па малаку, мякка кажучы, жадалі быць лепшымі, – адзначыў Сяргей Абірала. – Зараз – 102 працэнты прыросту. Няхай не маштабна, але бачны планамерная работа і дастаткова імклівыя станоўчыя зрухі ў вытворчасці – не толькі па колькасці, але і па якасці прадукцыі.
Пра тое, што гэтаму паспрыяла, гаварылі і намеснік начальніка Марыя Сухарэвіч, і дырэктар гаспадаркі Міхаіл Лях. На ферме, паставіўшы жывёлу на зімоўку, адразу ж правялі сартаванне. Размяшчэнне сухастойных кароў па фазах спрыяе эканоміі кармоў – тым жывёлінам, якія знаходзяцца далей да тэрміну ацёлу, канцэнтрату даецца менш. З мэтай захаванасці цялят у рацыён у абавязковым парадку ўведзены грубыя кармы. Найлепшыя месцы ў памяшканні адведзены навацельным каровам, арганізаваны іх рэгулярныя прагулкі. Высокапрадукцыйныя каровы пазначаны для абавязковай раздачы ім дадатковай нормы канцэнтрату. Увогуле норма дзеліцца на два разы, каб жывёла больш ахвотна і без адходаў паядала корм.
– На зімова-стойлавы перыяд увялі адзінку начнога жывёлавода, каб жывёла кругласутачна была накормлена, не стаяла ў брудзе і знаходзілася пад наглядам, – зазначае Міхаіл Рыгоравіч. – Кантралюем, наколькі акуратна, па правілах бярэцца сянаж з бурта. Не настолькі мы багатыя сёння, каб не эканоміць там, дзе гэта можна зрабіць, і не затрачваць дадатковыя сродкі там, дзе па разліках чакаецца прыбытак.
– У жывёлагадоўлі дробязяў не бывае, – канстатаваў убачанае Сяргей Абірала, – і за кожным поспехам стаіць не толькі добрасумленная праца, але і разум­ны падыход да справы. Будзем спадзявацца, што атрыманае ў сельгаспрадпрыемстве стане першым крокам да новых, больш значных дасягненняў.
З аналізу стану спраў у жывёлагадоўчай галіне, які па-ранейшаму выклікае непакой, пачалася другая частка калегіі. Па колькасці пагалоўя БРЖ у гаспадарках становішча рознае: павялічыўся статак у ААТ “Барсучанка” (405 галоў), ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (216), ДП “АграСітцы” (196), КУП “Докшыцкі” (116), захаваўся ў “Замастачанскім”, у астатніх назіраецца змяншэнне. Колькасць жа дойнага статка ў большасці гаспадарак, няхай не вельмі значна, але павялічылася, а невытворчае выбыццё БРЖ, згодна статыстыцы, – не. Тым не менш вытворчасць малака за дзевяць месяцаў бягучага года ў сярэднім па раёне зменшылася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года і складае 95,5 працэнта. Удаецца тры­маць пазіцыю толькі ААТ “Барсучанка (102,8 працэнта), СГФ “Бягомльскі” (100,9) і ААТ “Замастачанскае” (100), ды і гэтыя паказчыкі не да прыкладу. Яны павінны як мінімум дасягаць 105 працэнтаў.
Рэалізацыя малака крыху ўзрасла ў невялікіх гаспадарках, а ў такіх буйных, як ААТ “Таргуны”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс, – паменшылася. Разам з тым рост таварнасці малака назіраецца толькі ў трох гаспадарках з дзесяці. Самая высокая яна ў СГФ “Бягомльскі” – 91,5 працэнта пры сярэднім паказчыку па раёне 86,9 працэнта.
З вытворчасцю мяса справы абстаяць лепш, і валавая прывага па раёне ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года складае 104,6 працэнта. Па сярэднясутачнай прывазе ўжо даволі працяглы час з’яўляецца лідарам ААТ “Замастачанскае” – 712 грамаў (у сярэднім па раёне – 528).
Марыя Сухарэвіч звярнула ўвагу таксама на недасканалую арганізацыю работы на малочнатаварных комплексах, праблемы з кармленнем жывёлы і захаванасцю цялят у ААТ “Таргуны”, падзенне па малаку, пагалоўі і прыплодзе ў ДП “Гняздзілава-Агра”, павелічэнне пагалоўя неапрыходаваных цялят і неадпаведныя тэхналогіям умовы ўтрымання жывёлы ў ДП “АграСітцы”, неабходнасць аператыўнага вырашэння кадравых пытанняў у ААТ “Замастачанскае”, больш строгі кантроль за асемяненнем кароў і цялушак у КУСГП імя Чэрныша і інш. Безумоўна, усе гэтыя фактары негатыўна ўплываюць на вынікі работы ў галіне.
— Ёсць, вядома, і пэўная колькасць аб’ектыўных прычын нашых недапрацовак, – адзначыла Марыя Уладзіміраўна, – але суб’ектыўныя – абыякавасць, нежаданне працаваць згодна з сучаснымі рэаліямі, разу­мець, што наш дабрабыт толькі справа нашага розуму і рук, – вось што з’яўляецца бічом у жывёлагадоўлі.
Адным з важных пытанняў, што разглядаліся на калегіі, з’яўлялася пастаноўка тэхнікі на доўгатэрміновае захоўванне. Намеснік начальніка аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Андрэй Маскалёнак станоўча адзначыў дзве гаспадаркі: ААТ “Таргуны” і ДП “АграСітцы”, дзе гэта работа блізіцца да завяршэння. У астатніх яе патрэбна неадкладна актывізаваць, каб завяршыць да 1 лістапада.
Таксама быў разгледжаны шэраг іншых злабадзённых пытанняў, у прыватнасці, найхутчэйшае завяршэнне ідэнтыфікацыі жывёлы, тэмпы і якасць асенняга ворыва, уборкі кукурузы і насеннікаў канюшыны. Па разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *