Главный ветеринарный врач Докшицкого района Валерий Юкович рассказал подробней о своей работе
Інтэрв’ю з галоўным ветэрынарным урачом раёна, начальнікам ДЛПУ “Докшыцкая раённая ветэрынарная станцыя” Валерыем Юковічам.
– Валерый Анатольевіч, асноўная задача ветэрынарнай службы – гэта…
– Абарона насельніцтва ад антрапазаанозных захворванняў, такіх, як бруцэлёз, сібірская язва і іншыя, а таксама абарона жывёл ад інфекцыйных захворванняў.
Калектыў наш складаецца з сарака двух работнікаў, з іх дзевятнаццаць – спецыялісты. Восем урачоў працуюць непасрэдна ў ветстанцыі. Яны штодзённа выязджаюць як у сельгаспрадпрыемствы раёна, так і да ўласнікаў для дыягностыкі рознага роду захворванняў, для прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, уласцівых для жывёлы і людзей, для вакцынацыі ад сібірскай язвы, шаленства, вірусных захворванняў – найчасцей ад колібактэрыёзу, сальманелёзу, пастэрэлёзу, стрыгучага лішаю, а таксама для апрацоўкі падскурнага авадня ў БРЖ.
Акрамя гэтага, у нас дзейнічаюць дыягнастычная лабараторыя і лабараторыя ветэрынарна-санітарнай экспертызы для кантролю за якасцю мяса-малочнай прадукцыі, у якіх працуюць шэсць урачоў і лабаранты. Ёсць яшчэ дзве ўчастковыя ветлячэбніцы – у Докшыцах і Бягомлі.
– Калі ласка, падрабязней пра дзейнасць дыягнастычнай лабараторыі.
– У дадзенай лабараторыі налічваецца шэсць аддзелаў. Спецыялісты бактэрыялагічнага аддзела, а гэта ўрач Віктар Саковіч і лабаранты Зінаіда Кажарновіч і Дзмітрый Мятла, займаюцца дыягностыкай бактэрыяльных інфекцый, у прыватнасці, найчасцей дыягностыкай скрытых мастытаў у кароў. На аснове цяжкасці захворвання і стану мікрафлоры жывёліны і назначаецца лячэнне. Хіміка-таксілагічны аддзел займаецца праверкай біяхіміі крыві жывёлы і кармоў на якасць. Там працуюць урач Сяргей Кішэня, які з’яўляецца адначасова загадчыкам лабараторыі, і лабаранты Алена Францкевіч і Марыя Камінская. У сералагічным аддзеле ўрачом Наталляй Ламановіч і лабарантам Валянцінай Чантарыцкай дыягнастуюцца такія захворванні, як лептаспіроз, хламідыёз, бруцэлёз і іншыя, у вірусалагічным Марыяй Курцэвіч – лейкоз. Дарэчы, хацелася б адзначыць, што наш раён “чысты” як па туберкулёзе, так і па бруцэлёзе і лейкозе ўжо працяглы час. Апошнія ўспышкі лейкозу былі выяўлены восем гадоў таму. Капралагічны аддзел – урач Уладзіслава Мацко і лабарант Таццяна Малюжанец – займаецца дыягностыкай паразітарных захворванняў, якіх у наш час налічваецца каля чатырохсот відаў. Інжынер-радыёлаг Вера Гутаровіч у радыелагічным аддзеле вызначае паказчыкі забруджвання кармоў і малака цэзіем-137 і правярае прадукты харчавання на радыенукліды.
– Што сёння перашкаджае эфектыўнай дзейнасці ветстанцыі?
– Зараз найбольшыя складанасці выклікае недахоп спецыялістаў як у нашай установе, так і ў сельгаспрадпрыемствах. Па штатным раскладзе нам вельмі неабходны чатыры ветурачы. У такіх жа спецыялістах з вышэйшай адукацыяй маюць патрэбу ААТ “Таргуны”, “Барсучанка”, “Замастачанскае”, ДП “АграСітцы” і КУСГП імя Чэрныша. Другое – гаспадаркі не могуць дазволіць сабе пакупку неабходнай колькасці пэўных вакцын з-за іх высокага кошту. Парушэнне ж схемы вакцынацыі цягне за сабой узнікненне інфекцыйных захворванняў. Не кажучы ўжо пра тое, што жывёліне з хворым страўнікам, ацыдозам і вакцынацыя мала дапамагае. Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што асноўная прычына інфекцыйных захворванняў – дрэннае кармленне. Зараз мы маем толькі тры віды бясплатных вакцын – ад шаленства, класічнай чумы свіней і туберкулін.
– Дарэчы, пра шаленства. Валерый Анатольевіч, даводзілася чуць, што апошнім часам памножылася колькасць хворых на яго дзікіх жывёл. Гэта так?
– Наадварот. Вось ужо пяць гадоў Еўрасаюз аплачвае вакцыну супраць шаленства, прынады з якой раскідваюцца з самалёта. Раней імунізацыя была менш эфектыўнай, паколькі прынады раскідваліся з аўтамабіля і не ахоплівалі патрэбную плошчу. Па апошніх дадзеных, 98 працэнтаў дзікіх жывёл зараз імунізаваны.
– Сёлетні асенні сезон аказаўся вельмі багатым на грыбы. Інтэрнэт, некаторыя СМІ пужаюць нас тым, што грыбы накапляюць празмерную дозу радыяцыі.
– У жыхароў нашага раёна няма падставы не збіраць гэтыя цудоўныя дары лесу. Магу заверыць, што накопленасць радыяцыі ў іх не перавышае дапушчальныя нормы, а такія грыбы, як асеннія апенькі, практычна чыстыя – гэта могуць пацвердзіць і ў радыелагічным аддзеле, і ў лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
– Яшчэ некалькі пытанняў да ведама шырокага кола чытачоў. Аналіз на знаходжанне ў малацэ антыбіётыкаў робіцца ў хімлабараторыі малаказавода. Калі яны выяўляюцца…
–… то вынікі перадаюцца ў ветстанцыю. Памылковым будзе думаць, што немагчыма выявіць, ад якой канкрэтна каровы даяркі ці ўласніка з пэўнага населенага пункта атрымана такое малако.
– Санкцыі?
– Яны прымяняюцца, калі чалавеку ўжо дадзена прадпісанне ветспецыяліста. За парушэнне каранціну ён прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці.
– І напрыканцы для цікаўных: ці жывуць у ветстанцыі якія-небудзь жывёлы?
– Канешне. У нас ёсць віварый з марскімі свінкамі, белымі мышамі, трусамі, авечкай.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.