Как боролись за советскую власть на Докшиччине
З вышыні часу даўжынёй у стагоддзе нам, сённяшнім, параўнальна лёгка ставіць кропкі над » і «, разважаць пра адмоўныя і станоўчыя бакі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але, аналізуючы падзеі таго перыяду, не трэба забывацца пра людзей (і такіх была большасць), якія свята верылі ў камуністычныя ідэалы, змагаліся за іх, не шкадуючы жыцця. Без іх савецкай уладзе было б не ўсталявацца.
Першыя трактарысты
У 1931 годзе на Бягомльшчыне сталі арганізоўвацца першыя калгасы. Вясковыя хлопцы пачалі асвойваць новую для сяла справу: пайшлі вучыцца ў толькі што арганізаваную ў Бягомлі школу трактарыстаў. Трактара ў ёй ніводнага не было, вучыліся па схемах, плакатах. Нарэшце, курсанты атрымалі пасведчанне аб заканчэнні і паехалі ў Барысаў за трактарамі. Прыгналі аж 20 машын маркі “ХТЗ”. Паставілі іх на пустыры прыкладна там, дзе зараз майстэрні СГФ “Бягомльскі”. Так у 1932 годзе ў гэтым краі была створана першая МТС.
Працавалі ўсе вельмі добра, ад машын не адыходзілі: і даглядалі, і вартавалі. Машыны блішчэлі, як люстэрка, бо па некалькі разоў на дні трактарысты чысцілі іх, праціралі. Калі прыязджалі ў вёску і пачыналі першы раз араць, то збягалася ўсё насельніцтва. Яно і зразумела: людзі ніколі не бачылі такое дзіва, як трактар. Трактарыст арэ баразну, а за ім бяжыць натоўп. Дзяды бралі ў рукі кавалкі глебы і нюхалі, ці не пахне газай? Сяляне не разыходзіліся да вечара і потым яшчэ доўга абмяркоўвалі, хто лепш арэ: трактар ці конь?
Здаралася ўсяляк. Былі не толькі радасныя, але і трывожныя моманты. Неяк у Маладзеева, куды прыехала брыгада малаціць жыта, калгаснікі папярэдзілі: глядзіце, моў, хлопцы, за машынамі. Усю ноч трактарыст і машыніст малатарні вартавалі тэхніку, усё прайшло спакойна. А днём, калі пачалі малаціць, у адным са снапоў знайшлі вялізны камень. Каб не папярэджанне, якое прымусіла пільнасці, аварыя б была немінучай.
Пасля вайны МТС прыйшлося ствараць нанова амаль на пустым месцы. Але, дзякуючы неверагоднаму працоўнаму энтузіязму тагачаснага пакалення, за 20 пасляваенных гадоў удалося перасягнуць даваенны ўзровень жыцця, і ў сярэдзіне 60-х гадоў саўгас “Бягомльскі”, якім на той час кіраваў Мікалай Усцін, стаў адной з мацнейшых гаспадарак Докшыцкага раёна.
Мы наш, мы новы…
Крулеўшчына з 1905 года, як толькі пабудавалі станцыю (звалася яна тады Сеславіна), вылучалася грамадскім неспакоем і прыносіла адны непрыемнасці царскім жандарам. Разам з чыгункай прыйшлі ў гэты край рэвалюцыйныя ідэі з Пецярбурга, якія прынеслі рабочыя-пуцілаўцы, ураджэнцы гэтых месцаў: Якаў Крупскі, Сямён Савіцкі, Мікалай Юнцэвіч. І неўзабаве выступілі сяляне паноў Славінскага, Рудаміна, Гаховіча, пачалі без дазволу секчы лес. Пасля арышту самых актыўных, якія былі пазней асуджаны і сасланы ў Сібір, астатнія ўжо спадцішка працягвалі помсціць панам. Аднойчы ноччу ў Замошшы згарэў кароўнік, у Янушэве запалілі сцірты з неабмалочаным панскім хлебам, а ў Новай Вёсцы быў нават паранены докшыцкі прыстаў.
Зразумела, што кастрычнік 1917 года бедным сялянствам быў сустрэты з радасцю. Ужо ў снежні 1918 года ў Ліпаўках быў створаны камітэт беднаты, які спачатку раздзяліў маёмасць багатых гаспадароў, раздаў яе парабкам і самым бедным сялянам, а потым пачаў дзяліць зямлю. Але гэта кампанія была перапынена немцамі, якія ў лютым 1919 года акупіравалі большую частку Беларусі. Разам з акупантамі вярнуліся і памешчыкі. З камітэтчыкамі жорстка расправіліся. Асабліва лютавалі памешчык Буховіч, заможныя гаспадары Бачарскі, Войніч.
Белапалякі, якія прыйшлі за немцамі, пачалі з таго, што закрылі адзіную на ўсё наваколле беларускую школу, пачалі арыштоўваць актывістаў. У іх былі свае віды на “крэсы ўсходнія”. Пасля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы, у Ліпаўках была створана падпольная ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Яе членамі значыліся Васіль Асон, Піліп Лукашонак, Яфім Сялянік, Цімафей Гойгель, Яўстафій Таляронак, Якаў Крупскі і іншыя. Яны распаўсюджвалі на станцыі і ў суседніх вёсках улёткі, пракламацыі.
У стварэнні камсамольскага падполля вялікую дапамогу аказвала член ЦК КПЗБ Аляксандра Шчасная (падпольная мянушка “Маша”). Яна і з’яўлялася кіраўніком усяго падпольнага руху на Докшыччыне (у 1935 годзе польская палітычная паліцыя выйшла на след “Машы”. Шчаснай, якую хавалі ў сябе сяляне, удалося пазбегнуць арышту).
Польская дэфензіва спраўна працавала, і ў 1930 годзе падпольшчыкі былі арыштаваны. Некаторых з іх, у тым ліку і Якава Крупскага, пазней выпусцілі пад залог, і ім удалося ўцячы за мяжу ў Савецкую Расію. Далейшы лёс невядомы. Магчыма, былі рэпрэсіраваны, як “польскія шпіёны”. У гэтым жа годзе пляменніца Якава Ганна Крупская і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат зноў арганізавалі падпольную камсамольскую арганізацыю. Да 1939 года ў ёй налічвалася 25 чалавек. У суседняй Іванаўшчыне ўзнікла піянерская арганізацыя. У Слабадзе таксама з’явіліся камсамольская і піянерская ячэйкі. Адным з іх арганізатараў быў Цярэнцій Сіндрэвіч. Ён сустракаўся са Шчаснай, якая і даручыла яму гэта зрабіць. Падобныя ячэйкі з’явіліся таксама ў вёсках Слабада, Таргуны, Порплішча, Сценка, Дзедзіна, Гняздзілава, Верацейка, Кляпіцы. Чым жа займаліся падпольшчыкі?
Ганна Крупская пазней успамінала:
– Мы здабывалі чырвоны матэрыял або фарбавалі ў чырвоны колер тое, што было, і шылі сцягі, потым вывешвалі іх, расклейвалі лістоўкі, распаўсюджвалі газеты, збіралі перадачы для палітвязняў. Мне было даручана дастаўляць літаратуру. Два разы за ёй ездзіла ў Вільню, адтуль прывозіла брашуры. Даставала іх таксама праз сувязную Вольгу Атрахімовіч, якая жыла ў Жалюбчыках.
Сярод удзельнікаў рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху на Докшыччыне значацца:
Ян Бабровіч, член КПЗБ з 1926 года. Рэпрэсіраваны ў 1933 г.
Міхаіл Качан, забіты агентамі дэфензівы.
Кацярына і Пётр Малюжанцы, у падполлі з пачатку 20-х, расстраляны немцамі ў 1942 г.
Іван Лукашэвіч, закатаваны ў польскай турме Лукішкі.
Анастасія Майсяёнак, Міхаіл Квачонак, Іван Шасцярэнік, Аляксандр Шылёнак, арыштаваныя і асуджаныя польскімі ўладамі.
Па афіцыйных дадзеных, усяго каля 100 чалавек. Тых, хто спачуваў і дапамагаў, было ў некалькі разоў больш.
1 мая 1936 года камсамольцы Іван Гойгель, Павел Крупскі вывесілі чырвоныя сцягі, адзін прымацавалі нават на паліцэйскім пастарунку на станцыі. Сцягі віселі некалькі дзён, пакуль не прыехалі пракурор і высокія паліцэйскія чыноўнікі.
Слабадскія падпольшчыкі пра сябе заявілі 3 мая 1933 года – у дзень дзяржаўнага свята Польшчы. Слабадскую школу вывелі на мітынг і загадалі спяваць польскі гімн. І тут раптам над калонай узвіўся чырвоны сцяг, а вучні заспявалі “Інтэрнацыянал”. Раз’юшаныя настаўнікі пачалі збіваць дзяцей, сарвалі з дрэўка палотнішча, кінулі пад ногі і пачалі таптаць. Другую гучную акцыю правялі 1 мая 1934 года ў праваслаўны Вялікдзень. Вырашылі, што шмат людзей будзе каля царквы і расставілі ўздоўж дарогі са Слабады на Малажане чырвоныя сцяжкі, вялікае палотнішча прымацавалі на ўваходзе ў царкву, на платах расклеілі ўлёткі. Вэрхалу было шмат. Ліквідаваць “бальшавіцкую выхадку” прыехалі слабадскі солтыс, камендант паліцыі з Крулеўшчыны, павятовыя сышчыкі з Глыбокага. У 1936 годзе па даносе Васіля Піскуновіча з Малажань, многія падпольшчыкі былі арыштаваны. Цярэнцій Сіндрэвіч атрымаў тры гады турмы.
Супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў
У 1943 годзе нямецкі гарнізон у Крулеўшчыне быў поўнасцю разгромлены партызанамі 1-й Антыфашысцкай брыгады Гіль-Радзівонава. Перад гэтым яны выбілі немцаў з Докшыц і маршам накіраваліся на станцыю. Бой быў кароткім. Відавочцы пазней расказвалі, што пры першых жа выбухах усе жыхары пахаваліся, дзе хто мог. Грукат стаяў страшэнны, а калі ўсё сціхла, выйшлі на вуліцу і ўбачылі дзясяткі забітых немцаў. Імі літаральна была выслана плошча ля вакзала. Радзівонаўцы ж панеслі мінімальныя страты. Пасля бою пастроіліся ў калону і пакінулі станцыю. Немцы хутка вярнуліся зноў, але тое, што адбылося, прывяло іх у шокавы стан.