Чёрная страница в истории советского государства
Перыяд з сярэдзіны 1920-х гадоў, калі на Салаўках быў створаны першы лагер для арыштаваных дваран, белых афіцэраў, духавенства і да смерці Сталіна ў 1953 годзе – гэта чорная старонка ў гісторыі савецкай дзяржавы. Мільёны людзей былі неабгрунтавана абвінавачаны і асуджаны, пераважная большасць з іх загінула.
Жорсткая і бязлітасная рэпрэсіўная хваля дзяржаўнага тэрору асабліва лютавала ў 1937- 1938 гадах. Напрыклад, у Мінску ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га года расстралялі 132 чалавекі: з іх 22 вядомыя беларускія пісьменнікі, а яшчэ дзеячы навукі, культуры, мастацтва міжваеннай пары і нават першы старшыня беларускай надзвычайнай камісіі. Калі гаварыць пра літаратараў, то сярод іх быў галоўны рэдактар газеты “Савецкая Беларусь” Міхась Чарот, аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў Міхась Зарэцкі, паэт, перакладчык Алесь Дудар. Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч сцвярджае, што з лета 1937 года нарком унутраных спраў Яжоў выдаў адобраны Сталінам загад № 447 аб аперацыі па рэпрэсіраванні антысавецкіх элементаў. З гэтага часу НКУС СССР пастаянна накіроўваў палітбюро кампартыі спіскі асоб, якія належалі ў 19 выпадках з 20 вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Спіскі падпісваліся ўсім кіраўніцтвам партыі. Першым стаяў подпіс Сталіна.
Поўная воля для масавых расстрэлаў у яго з’явілася пасля расправы над Кіравым у 1934 годзе. Спрошчаны Сталінам крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляў весці следства 10 дзён, сведак не выклікаць, абскарджанне прыгавораў не прымяняць, суды скараціць. Напрыклад, як сведчаць дакументы, суд над Платонам Галавачом доўжыўся 15 хвілін: прыгавор – расстрэл. Сем’і рэпрэсіраваных траплялі ў сумна вядомы Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы (АЛЖИР) і прыгаворваліся да 5-8 гадоў лагераў. Так у спецпрыёмніку НКУС і сібірскай ссылцы першыя 18 гадоў свайго жыцця правяла Майя Кляшторная, дачка беларускага паэта Тодара Кляшторнага.
Абвінавачванні супраць “варагоў народа” былі аднатыпныя: усе яны прызнаваліся ці шпіёнамі ці членамі міфічных антысавецкіх нацыяналістычных груповак. Судзілі групамі і партыямі, а не па аднаму. Прызнанні, якія на судзе былі адзінымі доказамі “віны” арыштаванага, выбіваліся вельмі жорстка. Кузьма Чорны ўспамінаў: “У яжоўскай турме ўвосень 1938 года мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітага халоднай вадой, падымалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубкі і раўлі ў іх на ўсё горла. Пакідалі ў камеры з галоднымі пацукамі”.
У час хрушчоўскай адлігі ў канцы 50-х гадоў многія з расстраляных былі рэабілітаваны. Далей працэс знайшоў свой працяг пры Гарбачове і ў прынцыпе доўжыцца і па сённяшні дзень.
Найбольш важным для беларусаў з’яўляюцца кнігі Леаніда Маракова, пляменніка расстралянага паэта Валерыя Маракова. Леанід Уладзіміравіч здолеў атрымаць доступ да старой картатэкі НКУС БССР і пасля архіўных пошукаў выдаў дзясяткі тамоў біяграфічных даведнікаў па ахвярах сталінскага тэрору. Тыраж невялікі, але ўся база дадзеных выкладзена ў інтэрнэт.
Ахвярамі беспадстаўных сталінскіх рэпрэсій сталі больш за тысячу жыхароў Докшыцкага і Бягомльскага раёнаў. Гэта тыя, чые імёны ўдалося ўстанавіць.
Падставай для арышту служылі самыя розныя прычыны: нежаданне ўступаць у калгас, наяўнасць “лішняй” жывёлы на панадворку, неасцярожна кінутая фраза, а то і звычайны данос зайздроснага суседа. Пражыванне ў пагранічнай зоне, знаходжанне на акупіраванай тэрыторыі магло абярнуцца абвінавачваннем у шпіянажы, здрадзе радзіме.
Менавіта агентам польскай разведкі быў, аказваецца, сталяр з Барысава Якаў Осіпавіч Сіўко, якога расстралялі 2 лістапада 1937 года ў Мінску. А кім яшчэ мог ён быць, на думку нкусаўцаў, калі нарадзіўся амаль у пагранічнай вёсцы Янкі, Докшыцкай воласці, Дзісненскага павету.
Практычна адначасова з Якавам быў арыштаваны і яго малодшы брат Іван, які жыў за тысячы кіламетраў ад Барысава ў Кіраве. Камандзіра асобнага артдывізіёна расстралялі 11 снежня 1937 года за шпіянаж на карысць Польшчы. Абое рэабілітаваны ў сярэдзіне 50-х гадоў.
Трэці брат Барыс (усяго ў сям’і было сямёра дзяцей), які ўсё жыццё пражыў у вёсцы Янкі, ваяваў за Радзіму. Браў Кёнігсберг. Быў паранены, страціў нагу.
Пра лёс трох братоў рэдакцыі паведаміў унук Міхаіла Осіпавіча, Юрый Сіўко. Былы афіцэр Савецкай Арміі, які жыве зараз у Расіі вельмі хоча, каб пра трагічны лёс яго родных даведаліся на іх малой радзіме ў Беларусі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.