Докшицкий район в 1967 году
З пажоўклых газетных старонак праз артыкулы і замалёўкі дыхае гісторыя. Пагартайце старую газетную падшыўку — і вы, нібыта на машыне часу, трапіце ў мінулае. Запрашаем вас у падарожжа па Докшыцкім раёне, які паўстагоддзя таму рыхтаваўся да сустрэчы 50-гадовага юбілею Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі.
1967 год
3 сакавіка
Калі перадавую працаўніцу саўгаса “Сітцы” Яўгенію Жалейка ўзнагародзілі ордэнам Леніна, даяркі сказалі Соні Шаура, што, маўляў, зараз твая чарга. Дзяўчына ўспрыняла гэта як жарт, але імпэт да працы стаў яшчэ большым. Соф’я Шаура ад кожнай каровы надаіла 3,082 кілаграмы малака. За год адправіла дзяржаве 540 тон. Докшыцкаму маслазаводу, які перапрацоўвае ў дзень каля 20 тон малака, Соніных хапіла на 22 дні працы.
За выдатныя працоўныя дасягненні сціплая сялянская дзяўчына атрымала высокую ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
4 красавіка
Стварэнне музея Героя Савецкага Саюза лётчыка І.С. Палявога ў нашай школе лічым справай свайго жыцця. Летась юныя следапыты школы ездзілі ў Маскву на сустрэчу з баявымі саратнікамі лётчыка-героя. Сёлета на 9 Мая чакаем іх да сябе. І яшчэ адна радасць. На магіле герояў 1941 года – лётчыкаў Г.К. Раманенкі і А.М. Панчанкі — якую мы адшукалі разам з рэдакцыяй раённай газеты “Ленінская трыбуна”, устаноўлены помнік. Слава героям!
У. Паруль, дырэктар Докшыцкай СШ імя І.С. Палявога.
13 красавіка
Жывёлаводы калгаса “Зара камунізму” (Таргуны) рапартуюць Радзіме аб сваіх далейшых поспехах на юбілейнай вахце. Квартальнае заданне па продажу мяса дзяржаве гаспадарка выканала на 366 працэнтаў. На прыёмны пункт адпраўлена 842 цэнтнеры, у тым ліку 268 цэнтнераў свініны. Квартальнае заданне па продажу малака калгас выканаў на 241 працэнт.
1 мая
Сваё майстэрства прадэманстравалі на абласным фестывалі самадзейнага мастацтва члены жаночай вакальнай групы калгаса “Праўда” (Тумілавічы). Спявачкі выканалі песню “Летні вечарок”.
4 мая
Радасна сустрэлі Першамай працаўнікі Парплішчанскага сельсавета. Ёсць чаму радавацца працаўнікам. Жывёлаводы саўгаса “Порплішча” датэрмінова выканалі гадавы план-заказ па продажы мяса дзяржаве. Сярэднесутачная прывага гадаванцаў даглядчыка цялят Іосіфа Дубоўскага склала 700-750 грамаў.
23 мая
ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР разгледзелі вынікі сацыялістычнага спаборніцтва раёнаў і абласцей рэспублікі за павелічэнне вытворчасці і выкананне планаў продажу збожжа дзяржаве ў 1966 годзе. Вырашана, што найбольш высокі ўзровень ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур па трэцяй групе раёнаў атрыман у калгасах і саўгасах Докшыцкага раёна – 12.7 цэнтнера з гектара. За папярэднія пяць гадоў валавы збор збожжа павялічан на 29 працэнтаў, план продажу дзяржаве выканан на 157 працэнтаў.
Раёну прысуджан пераходны Чырвоны сцяг ЦК КП Беларусі і Савета Міністраў БССР з выдачай грашовай прэміі 2 тысячы рублёў.
Па выніках Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва ў сельскай гаспадарцы за 1966 год Калегія Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і Прэзідыум ЦК прафсаюза прызналі пераможцам побач з іншымі гаспадаркамі краіны саўгас “Сітцы” Докшыцкага раёна. У мінулую суботу ва ўрачыстай абстаноўцы гаспадарцы ўручаны пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў СССР і
ВЦСПС. За лепшыя вынікі па ўраджайнасці збожжавых пераходным Чырвоным сцягам і Ганаровай граматай абкама КПБ і аблвыканкама ўзнагароджаны калгас “Зара камунізму”.
17 чэрвеня
Гандлёвы цэнтр здадзены ў эксплуатацыю на торфапрадпрыемстве “Віцебскае”. Дзейнічае сталовая на 60 месц, прадуктовы і прамтаварны магазіны, гасцініца. Восенню пачне працаваць цырульня.
1 ліпеня
Добры ўраджай бульбы абіраюць штогод працаўнікі сельгасарцелі “Іскра” (Пруднікі). У мінулым годзе кожны са 165 гектараў даў па 110 цэнтнераў клубняў. Сёлета будзе яшчэ больш, упэўнены брыгадзір т. Шульгат І.П.
5 верасня
У вёсцы Дзядкі звілі сабе гняздо баптысты. Таму атэістычная работа вядзецца ў двух накірунках: індывідуальным і калектыўным. З дапамогай настаўнікаў удалося ўратаваць ад секты Генадзя Падрэза, які зараз працуе трактарыстам. Разышлася дарога з бацькам-баптыстам і ў Рыгора Падрэза.
30 верасня
Больш за дваццаць лепшых настаўнікаў-моваведаў раёна днямі выехалі на экскурсію ў сяло Міхайлаўскае. Гісторыя Міхайлаўскага непарыўна звязана з жыццём і дзейнасцю вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.
5 кастрычніка
У калгасе “Праўда” вельмі любяць спорт. Працуюць секцыі па валейболе, лыжах, лёгкай атлетыцы. Па валейболе склалася моцная і дружная каманда на чале з Леанідам Гамановічам. Фёдар Рэдька, Пётр Юдзёнак, Мікалай Карніловіч, Андрэй Буйневіч, Станіслаў Рачкоўскі – усе хлопцы страсныя аматары спорту. Спрактыкаванымі лёгкаатлетамі зарэкамендавалі сябе Ліля Гамановіч, Вера Гмырак, Ядвіга Таргонская, Ларыса Малашонак. На раённай 6-й спартакіядзе каманда калгаса заняла першае месца.
7 кастрычніка
На ўлеску, пад жаўталістымі бярозамі, збяруцца заўтра працаўнікі саўгаса “Чырвонабярэзінскі” адзначыць Дзень работніка сельскай гаспадаркі. У ліку перадавікоў, якіх будуць ушаноўваць, абавязкова назавуць імёны механізатараў Паўла Азёмкі, Пятра Захарэвіча, Мікалая Сяцко. Кожны з іх гадавы план работы выканаў за 9 месяцаў.
28 кастрычніка
Вучні Докшыцкай сярэдняй школы імя І.С. Палявога вырашылі зрабіць падарунак жыхарам горада. Яны заклалі парк ля штучнага возера. Вучні 10 “А” класа пасадзілі каля 70 дрэў.
7 лістапада
У сельскім клубе вёскі Параф’янава адбыўся ўрачысты сход працаўнікоў палёў і ферм саўгаса “Сітцы”, прысвечаны ўручэнню гаспадарцы Памятнага сцяга ЦК КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Савета Міністраў СССР і ВЦСПС. Сход адкрыў дырэктар т. Гуц С.Г.
(Стыль і арфаграфія тых часоў захаваны)