Китайские энергетики на докшицкой земле
З 2008 года Беларусь і Кітай займаюцца рэалізацыяй сумесных праектаў у сферы энергетыкі. Найбольш буйны з іх – “Будаўніцтва АЭС у Рэспубліцы Беларусь. Выдача магутнасці і сувязь з энергасістэмай”, які ацэньваецца ў 340 мільёнаў долараў. Генеральны падрадчык будаўніцтва аб’ектаў адводу магутнасці — Паўночнакітайская электраэнергетычная праектна-інжынерная кампанія пры кітайскай інжынерна-кансультацыйнай карпарацыі (кампанія NCPE). Паміж кампаніяй і РУП “Гроднаэнерга” падпісаны кантракт на рэалізацыю праекта. Фінансаванне 95-працэнтнага кошту кантракта ажыццяўляе з дапамогай крэдыту Экспартна-імпартны банк Кітая, 5 працэнтаў – за кошт уласных сродкаў беларускія партнёры.
Праект прадугледжвае будаўніцтва больш тысячы кіламетраў паветраных ліній электраперадачы 330 кВ па тэрыторыі Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцей, рэканструкцыю 672 км ліній электраперадачы 110-330 кВ, падстанцый з будаўніцтвам ячэек у Мінску, Росі, Стоўбцах. У нашай вобласці ўжо пабудавана новая падстанцыя 330 кВ “Паставы”. Ажыццяўляецца рэканструкцыя ўчасткаў ВЛ 330 кВ “Паставы – Мінск Усходняя” і будаўніцтва валаконнай лініі сувязі “Паставы” з заходам на падстанцыю Глыбокае. У сувязі з гэтым на тэрыторыі нашага раёна з’явіліся кітайскія спецыялісты, якія пракладваюць кабель, праводзяць мантаж імпартных ячэек для прыняцця сігналаў. Зманціраванае абсталяванне будзе выконваць функцыі рэлейнай аховы, тэлефаніі, вымярэння, аўтаматызаванай сістэмы камерцыйнага ўліку электраэнергіі з новай падстанцыі ў Паставах і на Мінск. Допуск кітайскіх спецыялістаў да абсталявання ажыццяўляе Докшыцкі раён электрычных сетак.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік РЭС Мікалай Ючкавіч з кітайскімі спецыялістамі.
Фота А. Варанковіча.