С 13 по 22 ноября Госавтоинспекция проводит специальное комплексное мероприятие «Пешеход»
Каб папярэдзіць дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў, Дзяржаўтаінспекцыя з 13 па 22 лістапада праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Пешаход”.
Толькі за 10 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Віцебскай вобласці зарэгістравана 97 наездаў на пешаходаў, у выніку якіх 25 чалавек загінула, 75 былі паранены. У нашым раёне дзве падобныя аварыі, у якіх былі паранены двое.
Паважаныя пешаходы! Будзьце больш уважлівымі пры пераходзе вуліц. Не перабягайце дарогу перад транспартам. Пераходзьце праезную частку толькі па пешаходным пераходзе. Не выходзьце на праезную частку дарогі з-за транспарту, які стаіць. Выкарыстоўвайце святлоадбівальныя элементы. Гэта мера дапамагае прадухіліць большасць ДТЗ, якія звязаны з наездам на пешаходаў у цёмны час сутак. Дарэчы, згодна з п. 17.1 Правілаў дарожнага руху, пешаход абавязаны пры руху ў цёмны час сутак па краю праезнай часткі абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі незалежна ад таго, асветлены ўчастак дарогі ці не.
З пачатку года ў нашым раёне за парушэнне ПДР да адказнасці былі прыцягнуты 729 пешаходаў, 98 з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Для пешаходаў-парушальнікаў КаАП Рэспублікі Беларусь прадугледжана даволі сур’ёзная адказнасць. Штраф складае ад 23 да 69 рублёў (нецвярозым – ад 69 да 115 рублёў).
Кожнаму ўдзельніку дарожнага руху неабходна самому думаць пра жыццё і бяспеку, інакш сумная статыстыка па-ранейшаму будзе працягваць свой адлік.
Калі вы заўважылі, што на праезнай частцы дарогі знаходзіцца нецвярозы пешаход, адразу паведамляйце пра такія факты ў міліцыю па нумары 102. Ваша тэлефанаванне можа выратаваць жыццё!
Я. Хілько,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС
капітан міліцыі.